Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

У Польшчы пачынаецца штогадовы падлік зуброў

29.11.2026 10:12
Колькасць папуляцыі найбуйнейшых дзікіх жывёл, якія жывуць у Польшчы, стане вядомая да канца снежня.
ЗубрыMarc Benedetti/pixabay.com/CC0 Public Domain

Прыродазнаўцы распачынаюць штогадовы ўлік зуброў.

На паўночным захадзе Польшчы жывуць 15 статкаў зуброў, якія налічваюць ад некалькіх да некалькіх дзясяткаў асобін. Ідэнтыфікаваць жывёл і дакладна падлічыць іх дапамагаюць тэлеметрычныя ашыйнікі. Іх мае амаль кожная чацвёртая жывёла, расказвае Мацей Трач (Maciej Tracz) з Заходнепаморскага прыродазнаўчага таварыства:

— Супрацоўнік атрымлівае тэлеметрычныя даныя, каардынаты GPS. Ён прыбывае на месца, скажам, а восьмай гадзіне раніцы. Калі статак складаецца з некалькіх або больш як дзесяці з лішнім жывёл, супрацоўнік павінен зрабіць фотаздымкі. Калі ж статак большы, як, напрыклад, на Драўскім палігоне, у Міраслаўцы ці Ялаўцоўцы, здымкі неабходна рабіць з дапамогай беспілотніка.

У снежні мінулага года ў гэтай частцы Польшчы налічвалася 500 зуброў. Сёлета гэтая лічба, несумненна, зменіцца. Паводле Мацея Трача, варта чакаць павелічэння папуляцыі, аднак прырост можа быць невялікім:

— Зуброў амаль напэўна стане больш. Аднак не ведаю, на колькі, бо ўлік — гэта, так бы мовіць, прырост мінус страты. А страт таксама было нямала. Ёсць статкі, у якіх, напрыклад, на дзесяць-адзінаццаць самак прыпадае толькі адно цяля. Таму прырост неабавязкова будзе вялікім. У цэлым прырост папуляцыі зуброў складае максімум дзесяць працэнтаў.

Паводле апошніх звестак, у Польшчы жывуць больш за тры тысячы зуброў. На думку прыродазнаўцаў, гэтага па-ранейшаму недастаткова, каб сцвярджаць, што віду, які некалі апынуўся на мяжы знікнення, больш нічога не пагражае.

IAR/яс