Пра планы правядзення ў Варшаве сёлета ў ліпені міжнароднай міністэрскай канферэнцыі па свабодзе веравызнання паведаміў міністр замежных спраў Польшчы Яцэк Чапутовіч. Кіраўнік польскай дыпламатыі знаходзіцца з афіцыйным візітам у Вашынгтоне.
Канферэнцыю на міністэрскім узроўні сумесна зладзяць Польшча і ЗША. Яцэк Чапутовіч заявіў, што правядзенне такой канферэнцыі будзе сведчыць аб міжнародным прызнанні дзейнасці Польшчы на карысць свабоды веравызнання:
- Я прадставіў узгодненую з ЗША ініцыятыву аб правядзенні канферэнцыі, якая будзе прысвечана прасоўванню рэлігійных свабодаў, а таксама абароне людзей, якія пераследуюцца на рэлігійнай глебе. Я рады, што гэтая ініцыятыва карыстаецца шырокай міжнароднай падтрымкай. Прыхільнасць абароне свабоды і рэлігійнага плюралізму аб'ядноўвае палякаў і амерыканцаў.
Падчас афіцыйнага візіту ў Вашынгтон міністр замежных спраў Польшчы Яцэк Чапутовіч прыняў удзел у заснавальніцкай сустрэчы Міжнароднага альянсу за свабоду веравызнання. Да ініцыятывы далучыліся 27 дзяржаў (у тым ліку Польшча, Вялікабрытанія, Ізраіль, Украіна ды іншыя).
IAR/эж