Беларуская Служба

Польская чыгунка PKP збірае грошы на пякарні для сірыйцаў

26.02.2020 16:34
У галоўнай зале чыгуначнага вакзала ў Варшаве быў усталяваны адмысловы банкамат дзеля дапамогі сірыйцам. 
Warszawa Centralna
Warszawa CentralnaPKP S.A.

У галоўнай зале чыгуначнага вакзала ў Варшаве быў усталяваны адмысловы банкамат дзеля дапамогі сірыйцам. Гэта праект аб'яднання «Дапамога для Касцёла ў нястачы», якое вырашыла пабудаваць у Сірыі і абсталяваць 12 пякарняў. Атрымаюць такім чынам працу 210 семʼям. Праз банкамат можна зрабіць фінансававае ахвяранне наяўнымі або з дапамогай банкаўскай карткі.

Старшыня ўправы кампаніі PKP SA Кшыштаф Маміньскі (Krzysztof Mamiński) спадзяецца, што банкамат дапаможа сабраць, неабходныя сірыйцам грошы:

- Цэнтральны вакзал у Варшаве прымае штогод 15 млн пасажыраў, адна тысяча цягнікоў штодня. Калі б кожны пасажыр ахвяраў толькі адзін злоты, то за год з аднаго толькі вакзала 15 млн злотых можа паступіць на ажыццяўленне гэтай высакароднай ідэі.

Дырэктар польскай секцыі арганізацыі «Дапамога для Касцёла ў нястачы» ксёндз Вальдэмар Цісла (Waldemar Cisło) падкрэслівае, што сітуацыя ў Сірыі асабліва цяжкая:

- У Сірыі ўжо дзевяць гадоў доўжыцца вайна. Паводле дабрачынных арганізацый, 13 млн людзей мае патрэбу ў неадкладнай дапамозе. 5 млн сірыйскіх бежанцаў знаходзяцца ў Іарданіі і Лібане. У Сірыі пануе голад, а зараз там настала халодная зіма і не хапае цёплага адзення. У гэтай краіне 80% грамадства застаецца без працы.

Кіраўніцтва польскай чыгункі PKP плануе ўсталяваць банкаматы таксама на іншых вакзалах у краіне.

яс