Беларуская Служба

У Лодзі запушчаны цэнтр лічбавых інавацыяў 5G

14.05.2020 14:17
Даследчая сетка 5G-Канцэнтратар лічбавых інавацыяў (DIH5G) – першы такі праект у Польшчы.
Запуск новай сеткі PAP/Grzegorz Michałowski

У Лодзінскім політэхнічным інстытуце пачала дзейнічаць даследчая сетка 5G-Канцэнтратар лічбавых інавацыяў (DIH5G) – першы такі праект у Польшчы. Універсітэцкая сетка будзе пашырацца.

Віцэ-прэм'ер, міністр развіцця Польшчы Ядвіга Эмілевіч заявіла, што інфармацыйны хаб у Лодзі  ўваходзіць у агульнаеўрапейскую сетку. Яна дадала, што ў ім будуць пратэставаныя тэхналагічныя рашэнні, які могуць выкарыстоўвацца ў канцэпцыі «Разумны горад»:

-Сетка 5G – гэта больш хуткі інтэрнэт, больш хуткая перадача дадзеных, гэта сучасныя тэхналогіі. Падчас пандэміі новыя тэхналогіі далі нам магчымасць не выключаць гаспадарку цалкам.

Праект даследчыцкай сеткі 5G у Лодзінскім політэхнічным інстытуце ладзіцца пры фінансавай падтрымцы ўрада Польшчы і бізнеспартнёраў ВНУ, у тым ліку шведскай кампаніі Ericson.

Між тым у Польшчы стартуе першая камерцыйная сетка 5G. Аператар мабільнай тэлефоннай сувязі Plus абвясціў аб запуску такога злучэння.

Новая сетка 5G кампаніі Plus, якая пачала дзейнічаць у панядзелак, 11 траўня, у канчатковым варыянце ахопіць больш за 3 мільёны кліентаў у сямі польскіх гарадах: Варшаве, Гданьску, Катавіцах, Лодзі, Познані, Шчэціне а таксама ва Уроцлвае.

IAR/PAP/эж