Міністр сельскай гаспадаркі Польшчы Ян Кшыштаф Арданоўскі заявіў, што дзяржава будзе заахвочваць фермераў супрацоўнічаць з пчалярамі. Сёння ў трэці раз адзначаецца Сусветны дзень пчол, які ў 2018 годзе быў зацверджаны ААН.
Адным з элементаў супрацоўніцтва і падтрымкі пчалярства з'яўляецца фонд, які папаўняюць вытворцы рапсу. Міністр падкрэсліў, што цяпер пчалярства мае патрэбу ў вялікай падтрымцы і міністэрства яе акажа.
Намеснік старшыні Асацыяцыі прафесійных пчаляроў Польшчы Януш Каштэлевіч нагадаў, што вялікай пагрозай для пчол зʼяўляецца няправільнае выкарыстанне ўгнаенняў. Пчаляр заклікаў фермераў выконваць адпаведныя нормы:
-Аграрыі, выкарыстоўвайце сродкі аховы раслін правільна. Не трэба рабіць гэтага ў белы дзень, рабіце ўвечары і ўначы. Не рабіце гэтага пасля пятніцы, калі ўсе інспекцыі адпраўляюцца на выходныя. Чым меней сродкаў аховы раслінаў трапляе на поле, тым якасць нашых прадуктаў лепшая.
У свеце жыве больш за 20 тысяч відаў пчолаў. У Польшчы налічваецца каля пяцісот відаў гэтых казурак. На працягу некалькіх гадоў колькасць пчолаў імкліва зніжаецца. Прычынамі гэатага стала змяненне клімату, забруджванне паветра, а таксама хімія, якая ў масавых маштабах выкарыстоўваецца ў сельскай гаспадарцы.
IAR/эж