Роўна пяць гадоў таму, падчас другога туру прэзідэнцкіх выбараў у Польшчы, галавой дзяржавы быў абраны Анджэй Дуда. З гэтае нагоды прэзідэнт падвёў вынікі свайго тэрміну паўнамоцтваў. Паводле ягоных словаў, важнейшым пытаннем для яго з’яўляецца бяспека дзяржавы і жыхароў Польшчы. Ён нагадаў, што яшчэ перад уступленнем на пасаду ён правёў перамовы з генеральным сакратаром НАТА аб пастаяннай прысутнасці войскаў альянсу ў краінах усходняга флангу пакту, у тым ліку ў Польшчы.
- І пачаліся перамовы, якія закончыліся прыняццем адпаведных рашэнняў падчас саміту НАТА ў Варшаве ў 2016 годзе. Менавіта тады было прынята рашэнне пра пашырэнне прысутнасці натаўскіх салдат. Дзякуючы гэтаму вайсковыя падраздзяленні НАТА паявіліся ў Польшчы, а таксама паявіліся ў балтыйскіх краінах.
Анджэй Дуда падкрэсліў, што яго тэрмін паўнамоцтваў вельмі актыўны, ён здзейсніў шмат падарожжаў – як па Польшчы, так і за мяжу. Па словах прэзідэнта, ён ажыццявіў звыш сотні міжнародных візітаў, а таксама наведаў практычна кожны павет у краіне.
Пяць гадоў таму, падчас другога туру прэзідэнцкіх выбараў, Анджэй Дуда перамог Браніслава Камароўскага, атрымаўшы 51,55% галасоў выбарцаў.
ІАР ПР/нг