У горадзе Лягніца ў Ніжнесілезскім ваяводстве на паўднёвым захадзе Польшчы невядомыя выкралі помнік савецкаму маршалу, міністру абароны камуністычнай Польшчы Канстанціну Ракасоўскаму, які быў часткай выставы прыватнага музею паблізу могілак савецкіх салдат. Пашкоджаны помнік знайшлі праз некалькі гадзін. Паліцыя шукае выкрадальнікаў.
Аб выкраданні помніка Ракасоўскаму ў паліцыю паведамілі ў чацвер, 30 ліпеня. «На месца неадкладна выехаў спецыяліст па крыміналістыцы, каб ажыццявіць агляд месца здарэння, дзе няма ніводнай камеры назірання», – распавялі ў паліцыі Лягніцы.
Ужо пасля поўдня помнік выпадкова знайшлі ў полі, аднак ужо пашкоджаны і без галавы. Паліцыя расследуе справу ў сувязі з крадзяжом і шукае тых, хто здзейсніў акт вандалізму.
PAP/эж