Беларуская Служба

Каментатарка: Лукашэнка – гэта цяпер велізарная праблема для Пуціна

17.08.2020 08:01
Паводле польскай публіцысткі і журналісткі, якая займаецца краінамі былога СССР, Лукашэнка не адмовіцца ад улады добраахвотна.
          .
Н плошчы Незалежнасці ў Менску прайшоў мітынг у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі.PAP/EPA/YAUHEN YERCHAK


Марыя Пшaломец (Maria Przełomiec) публіцыстка і журналістка з праграмы „Погляд на Ўсход” („Spojrzenie na Wschód”) Польскага радыё 24 заявіла ў эфіры гэтай станцыі, што Аляксандр Лукашэнка няздольны адмовіцца ад улады.

Нагадваем, у сваім нядзельным выступленні кіраўнік Беларусі заявіў, што не аддасць улады нават пасля смерці. Ён таксама папярэдзіў, што ў выніку правядзення паўторных выбараў „Беларусь памрэ як дзяржава і нацыя”.

На думку Марыі Пшaломец, два бліжэйшыя дні могуць аказацца вырашальнымі для сітуацыі ў Беларусі. Праз просьбу аб умяшанні з боку Расеі Лукашэнка  знішчыў свой імідж апошняга абаронцы суверэнітэту краіны, лічыць журналістка.

- Зараз Аляксандр Лукашэнка з’яўляецца велізарнай праблемай для расійскага прэзідэнта. Пуціну неабходны чалавек, які кантралюе Беларусь і здольны падпісаць з ім дамовы аб стварэнні супольнай саюзнай дзяржавы. Пуціну не патрэбны лідар са збунтаваным грамадствам, якога ён не ў стане кантраляваць.

Марыя Пшaломец не выключае, што Аляксандр Лукашэнка можа выкарыстаць нейкую правакацыю, напрыклад, падчас манеўраў ля літоўскай мяжы і абвясціць у краіне надзвычайнае становішча.

Паводле журналісткі, лепшым варыянтам для Уладзіміра Пуціна была б адстаўка Лукашэнкі і перамога, звязанага з Расіяй Віктара Бабарыкі, які можа падпісаць пагадненне аб стварэнні федэратыўнай дзяржавы.

Нагадваем, у нядзелю па ўсёй Беларусі адбыліся шматтысячныя Маршы Свабоды, на якіх мірныя пратэстоўцы патрабавалі вяртання справядлівасці, спынення гвалту і адстаўкі Лукашэнкі.

Мітынг у цэнтры Мінска сабраў блізу 400 тысяч чалавек. Дэманстранты сустрэліся ля Стэлы і рушылі на плошчу Незалежнасці.

У магілёўскім маршы, паводле ацэнак праваабаронцаў, узялі ўдзел ад 7 да 10 тысяч чалавек.

У сваю чаргу мітынг на плошчы Леніна ў Гроднe сабраў 30 тысяч чалавек. Шмат людзей стаяла на прылеглых вуліцах. На мітынгу прысутнічалі працаўнікі „Гродна Азот”, „Хімвалакна”, „Белкарду”, Гродзенскага мясакамбінату, работнікі культуры, лекары.

У сваю чаргу пасля поўдня на плошчы Незалежнасці ў Мiнску прайшоў мітынг у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі, у якім узяло ўдзел некалькі дзясяткаў тысяч чалавек. Многія ўдзельнікі арганізавана прыехалі з розных рэгіёнаў Беларусі спецыяльнымі аўтобуснымі і чыгуначнымі рэйсамі. Сам Лукашэнка таксама прыбыў на плошчу і ў сваім выступленні паўтарыў, што ўладу аддаваць не збіраецца.

аз