Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Варшава дэманструе сваю салідарнасць з пратэстуючымі ў Беларусі

24.08.2020 07:38
Маладыя людзі пабудавалі ў нядзелю ланцуг салідарнасці з Беларуссю.
    .
Марш новай Беларусі ў Мінску. Салідарнасць з пратэстоўцамі выказваюць таксама ў Польшчы фота: PAP/EPA/TATYANA ZENKOVICH

У нядзелю беларусы правялі ўсенародны пратэст супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Акцыя пад назваю «Марш новай Беларусі» сабрала ў Мінску больш за 200 тыс. чалавек. На марш прыйшла перш за ўсё моладзь, хаця ў вялікім натоўпе было бачна людзей усіх узроставых катэгорый.

Варшава таксама не застаецца абыякавай да падзей у Беларусі. Маладыя людзі пабудавалі ў нядзелю ланцуг салідарнасці з Беларуссю. Ланцуг расцягнуўся на ўсю даўжыню аднаго з мастоў польскай сталіцы – Сьлёнска-Дамброўскага мосту. Гавораць удзельніцы акцыі:

- Мне 25 гадоў, Лукашэнка кіруе 26 гадоў, такім чынам ён пры ўладзе ўсё маё жыццё. Для мяне вельмі важна тое, што цяпер адбываецца ў Беларусі, мяне асабіста гэта таксама закранае. Мы хочам аказаць маральную падтрымку супрацоўнікам беларускіх дзяржаўных прадпрыемстваў, якія цяпер хацелі б баставаць, але іх запужваюць. Яны баяцца, што страцяць працу, страцяць заробкі, страцяць кватэру. Мы хочам паказаць, што мы іх падтрымліваем. Толькі я баюся, што гэта будзе даўжэйшая барацьба, чым усе спадзяюцца.

Гэта чарговая мірная маніфестацыя салідарнасці з Беларуссю ў польскай сталіцы. У нядзелю тыдзень таму на цэнтральных вуліцах Варшавы маладыя людзі з ліхтарыкамі ў руках стварылі ланцуг святла.

ПР/нг