Намеснік міністра замежных спраў Польшчы Марцін Пшыдач (Marcin Przydacz) заявіў, што план дапамогі Беларусі - гэта поспех польскай дыпламатыі. Нагадваем, на саміце ў Бруселі Еўрапейскі Саюз прыняў план дапамогі Беларусі, падрыхтаваны прэм'ер-міністрам Матэвушам Маравецкім.
Марцін Пшыдач у эфіры TVP Info заявіў, што пакет дапамогі з'яўляецца адказам на эканамічны крызіс, з якім змагаецца Беларусь:
- План уключае шэраг пунктаў. Па-першае, фінансавы стабілізацыйны пакет, падтрымку для малых і сярэдніх прадпрыемстваў, лібералізацыю візавага рэжыму для беларусаў, каб яны маглі пабачыць, як развіваюцца іншыя еўрапейскія краіны. І, на канец, пакет падтрымкі ў галіне інфраструктуры.
Палітык нагадаў, што Еўрапейскі Саюз таксама ўвёў санкцыі супраць 40 прадстаўнікоў беларускіх уладаў:
- Станоўчай эканамічнай праграмай мы хочам наблізіць Беларусь да Еўропы. Санкцыі не накіраваныя супраць Беларусі – яны не маюць эканамічнага характару. Гэта персанальныя абмежаванні, накіраваныя супраць канкрэтных асобаў, якія адказваюць за фальсіфікацыю выбараў і парушэнні правоў чалавека. Гэткія асобы не змогуць уехаць на тэрыторыю Еўрасаюза, а іх фінансавыя актывы ў ЕС будуць замарожаныя.
Намеснік кіраўніка польскага Міністэрства замежных спраў дадаў, што ў выпадку абвастрэння канфлікту ў Беларусі, Польшча паспрабуе пашырыць санкцыі ЕС.
аз