У сувязі з вельмі вялікай колькасцю новых выпадкаў заражэння каранавірусам у Польшчы, назіраецца складаная сітуацыя ў службе аховы здароўя. Лячэнне ў шпіталях патрэбнае ўсё большай лічбе пацыентаў, таму лекары заклікаюць асоб, якія перахварэлі COVID-19, здаваць плазму. З яе ў лабараторыі будзе зроблены лек для хворых.
Дырэктар Рэгіянальнага цэнтра донарства і лячэння крывёй у Катавіцах Станіслаў Дылёнг (Stanisław Dyląg) адзначае, што менавіта ў Сілезіі была ўзятая першая плазма ад перахварэлага пацыента.
- І сёння амаль адна чацвёртая плазмы, якую атрымліваюць пацыенты, паходзіць менавіта з Катавіцаў. Мы хацелі б вельмі падзякаваць донарам, што яны да нас звяртаюцца і здаюць плазму. Дзякуючы гэтаму мы можам дапамагчы пацыентам у шпіталях.
Перад здачай плазмы неабходна прайсці тэлефонную кансультацыю з лекарам, які прыме рашэнне, ці дадзены чалавек можа здаць плазму.
ПР/нг