Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Huawei паскардзіўся Еўракамісіі на Польшчу і Румынію

02.11.2020 15:28
Раней кітайскі Huawei аспрэчваў рашэнні рэгулюючых органаў ЗША, якія блакавалі яму доступ да амерыканскага рынку.
Biurowiec Huawei
Biurowiec HuaweiKapi Ng/ Shutterstock

У лісце, адпраўленым еўракамісару па пытаннях канкурэнцыі Маргарэт Вэстагэр, кітайская кампанія паведаміла, што прапанаваныя правілы бяспекі 5G у Польшчы і Румыніі – «парушаюць заканадаўства ЕЗ», пішуць на партале biznesalert.pl. Кампанія Huawei таксама спаслалася на двухбаковыя дэкларацыі, якія Варшава і Бухарэст падпісалі з адміністрацыяй ЗША.

У сваім лісце Huawei сцвярджае, што Польшча і Румынія імкнуцца «выключыць пастаўшчыкоў на аснове прадузятых і неадназначных крытэрыяў для некаторых пастаўшчыкоў 5G з-за іх геаграфічнага паходжання». – Huawei выступае супраць заканадаўчых прапаноў, якія супярэчаць асноўным прынцыпам ЕЗ, – напісала кампанія. У ім сцвярджаецца, што Польшча і Румынія, якія прымаюць новыя правілы бяспекі 5G, парушаць дамовы ЕЗ і прынцыпы паслядоўнасці і прадказальнасці права.

Еўрапейская Камісія каардынуе ўкараненне новых правілаў бяспекі 5G ва ўсім Еўрапейскім Звязе. Нягледзячы на тое, што Камісія не мае магчымасці перашкодзіць краінам прымаць захады нацыянальнай бяспекі, яна можа ўмяшацца, калі ўрады парушаюць еўрапейскія нормы ў гэтай галіне.

Раней кітайскі Huawei аспрэчваў рашэнні рэгулюючых органаў ЗША, якія блакавалі яму доступ да амерыканскага рынку, але да гэтага часу карпарацыя не змагла абскардзіць гэтыя рашэнні ў судзе. Такія краіны, як Францыя, Данія, Нідэрланды, Бельгія ды некаторыя іншыя, распачалі рашучыя захады, каб зменшыць прысутнасць Huawei у сетках 5G. Швецыя нават наклала поўную забарону на кітайскія тэхналогіі ў значнай часткі сваіх сетак. Дзеянні гэтых краін з'яўляюцца працягам агульнаеўрапейскага працэсу па ўмацаванні бяспекі 5G і рэкамендаванымі мерамі з «Набору інструментаў ЕЗ», узгодненага на пачатку 2020 года. Пра намаганні Huawei атрымаць доступ да развіцця сеткі 5G у Еўропе пісалі на польскім партале biznesalert.pl.

эж