Шэсць тысяч вайскоўцаў удзельнічаюць у барацьбе з другой хваляй эпідэміі каранавіруса. Амаль палова з іх – салдаты аператыўных падраздзяленняў, рэшта– з Войскаў тэрытарыяльнай абароны.
Асноўныя задачы, якія яны выконваюць, – гэта падтрымка працы лякарняў. Вайскоўцы працуюць у больш чым 600 медычных устаноў па ўсёй Польшчы.
Прэсавы сакратар Войскаў тэрытарыяльнай абароны Марэк Петшак кажа, што дапамога арміі кожны раз узгадняецца з дырэктарамі шпіталяў:
-Дырэктары медычных устаноў прымаюць нашых салдат, бачаць магчымасць выкарыстаць іх патэнцыя ў працы ўстановы.
Акрамя падтрымкі дзейнасці шпіталяў вайскоўцы таксама прысутнічаюць у больш чым ста санітарна-эпідэміялагічных станцыях. Вайскоўцы дапамагаюць супрацоўнікам Санэпіда ствараць базы дадзеных інфікаваных, прымаюць заяўкі, а там, дзе ёсць неабходнасць, таксама праводзяць апытанні заражаных.
Паводле рашэння міністра нацыянальнай абароны, у непасрэдных дзеяннях па барацьбе з эпідэміяй каранавірусам могуць быць задзейнічаны 20 тысяч вайскоўцаў. На дадзены момант грамадзянскія службы выкарыстоўваюць толькі невялікую частку гэтага патэнцыялу.
IAR/эж