Вакцынацыя супраць COVID-19 гэтак званай першай групы грамадзян, пачнецца 25 студзеня. Запісацца на прышчэпку можна будзе з 15 студзеня.
Упаўнаважаны ўрада па Нацыянальнай праграме вакцынацыі міністр Міхал Дворчык (Michał Dworczyk) паведаміў падчас паседжання парламенцкага камітэта па ахове здароўя, што пасля 25 студзеня першымі будуць прышчэпленыя людзі, якім больш за 70 гадоў.
Нагадваем, паводле ранейшых заяваў, у першай групе грамадзян мелі быць людзі старэйшыя за 60 гадоў, аднак канчаткова ўзроставая мяжа была павышаная паколькі вытворца змяніў графік паставак вакцыны.
Доктар Міхал Суткоўскі (Michał Sutkowski) лічыць, што ў гэтай сітуацыі згаданае рашэнне мела медыцынскае абгрунтаванне.
- Асобы, якім больш за 70 ці 80 гадоў знаходзяцца ў крытычнай групе пацыентаў, для якіх каранавірусная інфекцыя ў адной сёмай выпадкаў можа закончыцца смерцю. Таму дзяржава і службы аховы здароўя абавязаныя арганізаваць акцыю вакцынацыі такім чынам, каб яны былі прышчэпленыя ў першай чарговасці.
Нагадваем, у цяперашні час адбываецца вакцынацыя гэтак званай нулявой групы, гэта значыць супрацоўнікaў медыцынскіх устаноў і дамоў сацыяльнай дапамогі. Далей прышчэпленыя павінны быць людзі старэйшага ўзросту, паліцыянты, вайскоўцы і настаўнікі.
аз