Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Агульнанацыянальны каранцін у Польшчы падоўжаны да 14 лютага

28.01.2021 13:31
Аднак гандлёвыя цэнтры, музеі і мастацкія галерэі па ўсёй Польшчы будуць зноў адкрыты з 1 лютага.
Adam Niedzielski
Adam Niedzielski Twitter/KPRM

Міністр аховы здароўя Польшчы Адам Нядзельскі паведаміў, што так званы этап адказнасці падоўжаны да 14 лютага. Захоўваюцца ўсе эпідэмічныя абмежаванні, якія тычацца масавых сходаў, мерапрыемстваў, працы рэстаранаў і гасцініц, гарналыжных схілаў, а таксама санітарныя абмежаванні, якія дзейнічаюць пры перасячэнні дзяржаўнай мяжы Польшчы.

Аднак гандлёвыя цэнтры, музеі і мастацкія галерэі па ўсёй Польшчы будуць зноў адкрыты з 1 лютага. Пералічаныя ўстановы будуць працаваць, выконваючы эпідэмічныя абмежаванні. Таксама ў крамах скасоўваюцца гадзіны працы, прызначаныя выключна для сталых кліентаў.

Міністр Адам Нядзельскі падкрэсліў, што далейшыя пастановы ў гэтым напрамку будуць прымацца зыходзячы з колькасці новых выпадкаў каранавіурса ў Польшчы, а таксама міжнароднай сітуацыі, у тым ліку выяўлення чарговых мутацыяў каранавіруса:

-Мы працягваем усе абмежаванні да 14 лютага. Далейшыя рашэнні па эпідэмічных абмежаваннях будуць прымацца бліжэй да гэтай даты, зыходзячы з найноўшых дадзеных аб эпідэміі. 

Паводле пастановы ўрада, па-ранейшаму застаюцца закрытымі гасцініцы, у тым ліку і для дзелавых паездак. Імі змогуць карыстацца толькі вайскоўцы, медыкі і работнікі спецыялізаваных бальніц. Зачыненыя лыжныя схілы і рэстараны, якія могуць падаваць стравы толькі на вынас. Спартыўная інфраструктура застаецца даступная толькі ў рамках прафесійнага спорту. Збірацца можна ў групы не большыя за 5 чалавек. Працягваецца забарона на правядзенне вяселляў.

Для грамадзян, якія прыбываюць у Польшчу арганізаваным транспартам, дзейнічае 10-дзённы каранцін. 

iar/эж