Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда пагутарыў з лідарам беларускай апазіцыі, экс-кандыдаткай у прэзідэнты Святланай Ціханоўскай, якая павіншавала палякаў у сувязі з 230-годдзем Канстытуцыі 3 мая і Днём польскай дыяспары. Паведаміў аб гэтым у Twitter кіраўнік прэзідэнцкага офіса міжнароднай палітыкі Кшыштаф Шчэрскі. Інфармацыя змешчана таксама на сайце Прэзідэнта Польшчы.
Кіраўнік Міжнароднага палітычнага бюро адзначыў, што размова датычылася і бягучай сітуацыі ў Беларусі, стану беларускага грамадства і палітычных планаў Святланы Ціханоўскай на бліжэйшы час.
Тэмай размовы, – дадаў Кшыштаф Шчэрскі, – таксама была роля АБСЕ ў стабілізацыі сітуацыі ў Беларусі, таксама ў кантэксце польскага старшынства ў гэтай арганізацыі ў 2022 годзе, і «як міжнародная супольнасць можа вырашаць пытанне пераследу палякаў у Беларусі і аднаўленне правоў чалавека там».
- Яны таксама размаўлялі пра тое, як у доўгатэрміновай перспектыве Польшча і еўрапейскія краіны могуць дзейнічаць для эканамічнага і сацыяльнага развіцця Беларусі, каб у будучыні Беларусь стала неад'емнай і важнай часткай дэмакратычнай еўрапейскай супольнасці, – сказаў міністр.
- Спадарыня Ціханоўская запэўніла, што яе палітычнае асяроддзе цалкам адкрыта для супрацоўніцтва і чакае гэтага супрацоўніцтва на розных міжнародных форумах. Яна падкрэсліла, што хоча падтрымліваць беларускую справу ў Радзе па правах чалавека ААН, у якой засядае Польшча, а таксама ў АБСЕ і Еўрапейскім Звязе, сказаў міністр.
Кшыштаф Шчэрскі паведаміў, што раней у сераду абмяркоўваў беларускае пытанне з Оліверам Вархелі, камісарам ЕЗ па пытаннях суседства і пашырэння, які наведваў Польшчу. Размова тычылася праграмы ЕЗ «Усходняе партнёрства» і праграмы эканамічнага супрацоўніцтва ЕЗ з Беларуссю, прадстаўленай у ЕЗ Вышаградскай групай.