Беларуская Служба

Польскі прэм'ер-міністр узяў ўдзел у саміце лідараў ААН

01.11.2021 15:45
Гэта сустрэча на высокім узроўні кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў з усяго свету.
-
Прэм'ер-міністр Польшчы Матэвуш МаравецкіPAP/Tomasz Gzell

Урадавы інфармацыйны цэнтр паведаміў у прэс-рэлізе, што прэм'ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі ўздымаў пытанні, звязаныя, у прыватнасці, з «салідарнасцю, справядлівай трансфармацыяй, таннай энергіяй і чыстым навакольным асяроддзем».

Учора пачалася тэхнічная частка саміту, сёння кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў узялі ўдзел у афіцыйнай цырымоніі адкрыцця. Намеснік міністра клімату і навакольнага асяроддзя Адам Гібуржэ-Чэтвэртыньскі сказаў Інфармацыйнаму радыйнаму агенцтву, што гэтая падзея стала магчымасцю для лідараў падкрэсліць важнасць перамоў на тэму клімату. «Каб надаць імпульс перамоўным групам і арыенціры для працы цягам двух тыдняў размоў», — растлумачыў ён.

У кліматычнай канферэнцыі прымаюць удзел прадстаўнікі амаль 200 краін - удзельніц Парыжскага пагаднення 2015 года. У той час краіны ўзялі на сябе абавязацельствы па спыненні глабальнага пацяплення. Мэта палягае на тым, каб утрымаць глабальны рост сярэдняй тэмпературы ніжэй за 2 градусы Цэльсія - або на 1,5 градуса, калі гэта магчыма - у параўнанні з даіндустрыяльным узроўнем.

Намеснік міністра Адам Гібуржэ-Чэтвертынскі сказаў, што саміты COP з'яўляюцца найбольш важнымі сустрэчамі, якія тычацца міжнароднай кліматычнай палітыкі. "Бакі Парыжскага пагаднення кожны год сустракаюцца, каб дамовіцца і прыняць паміж сабой найбольш важныя рашэнні", - адзначыў ён. Ён дадаў, што ў гэтым годзе дэлегацыі будуць працаваць над дапрацоўкай Катавіцкай кнігі правіл, то бок кіруючых прынцыпаў па рэалізацыі Парыжскага пагаднення. У 2018 годзе на саміце COP24 у Катавіцах быў прыняты Катавіцкі пакет, які вызначаў большасць прынцыпаў і правіл функцыянавання гэтага пагаднення на практыцы.

Два гады таму - на COP25 - у Мадрыдзе асноўная ўвага была нададзена міжнароднай сістэме гандлю выкідамі вуглякіслага газу. Кансенсусу дасягнуць не ўдалося, і перамовы па гэтым пытанні будуць працягнуты на сёлетняй канферэнцыі.
Дэлегаты таксама абмяркуюць дэкларацыі краін па барацьбе з пацяпленнем, гэта значыць іх абавязацельствы па скарачэнні выкідаў парніковых газаў. Еўрапейскі саюз паабяцаў дасягнуць кліматычнай нейтральнасці да 2050 года і скараціць выкіды вуглякіслага газу на 55 працэнтаў да 2030 года.

Згодна з урадавым камюніке, прэм'ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі ўзяў ўдзел у пленарным пасяджэнні COP26 у Глазга. У сустрэчы таксама ўдзельнічалі прэзідэнт ЗША Джо Байдэн, старшыня Еўрапейскай рады Шарль Мішэль, старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен, прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон, канцлер Германіі Ангела Меркель, прэм'ер-міністр Канады Джасцін Трюдо, а таксама кіраўнікі Індыі, Аўстраліі, Паўднёвай Карэі, Японіі.

На працягу некалькіх гадоў Польшча прытрымліваецца пазіцыі, што энергетычная трансфармацыя павінна ўлічваць сацыяльныя і эканамічныя ўмовы, то бок быць справядлівай і забяспечваць бяспеку грамадзян.

COP26 у Глазга павінен быў адбыцца ў мінулым годзе, але мерапрыемства было адкладзена з-за пандэміі каранавіруса. Саміт працягнецца да 12 лістапада і ў ім бяруць удзел каля 25 тысяч чалавек.

ПР/юл