Прэс-сакратар Міністэрства аховы здароўя Войцех Андрусевіч(Wojciech Andrusiewicz) паведаміў, што высокаэфектыўны прэпарат для лячэння COVID-19 з'явіцца ў Польшчы яшчэ ў снежні. Раней першыя пастаўкі молнупіравіру (molnupiravir) планаваліся на студзень:
-Гэта некалькі дзясяткаў тысяч дозаў, якія Польшча павінна атрымаць яшчэ ў снежні. Нагадваю, першыя заявы вытворцы тычыліся студзеня, але мы вядзем рашучыя перамовы, каб прэпарат быў даступны ў Польшчы раней. Гэта вельмі паспяховае лякарства ў барацьбе з COVID-19. Гаворка ідзе нават пра больш за 50-працэнтную паспяховасць. Таблеткі трэба прымаць цягам першых пяці дзён інфекцыі, то бок гэта прэпарат хатняга выкарыстання. Зараз, разам з прадстаўнікамі Медыцынскай рады, мы распрацоўваем рэкамендацыі адносна яго выкарыстання.
Па словах прадстаўніка Міністэрства аховы здароўя, пік чацвёртай хвалі пандэміі каранавіруса ў Польшчы чакаецца напрыканцы лістапада і пачатку снежня.
За суткі ў Польшчы былі зафіксаваныя 12 965 новых выпадкаў каранавіруснай інфекцыі. Памёр 31 пацыент заражаны каранавірусам.
IAR/аз