Напярэдадні Дня Роднай мовы Беларускі Дом у Варшаве запрасіў беларусаў Польшчы і перадусім польскай сталіцы выказаць сваю пазіцыю, падтрымаць традыцыю, салідарызавацца з Беларуссю – і напісаць Нацыянальную дыктоўку разам.
Гэтым разам тэкст быў унікальным – дыктоўка была складзеная паводле лістоў беларускіх палітвязняў, самыя кранальныя і важныя фрагменты, якімі падзяліліся родныя і сябры герояў Беларусі. Журналістка Валярына Кустава зачытала фрагменты лістоў Паўла Севярынца, Мікалая Статкевіча і Вітольда Ашурка.
Вось фрагмент допісу М. Статкевіча, які прагучаў падчас дыктоўкі:
«Імкніся жыць у адпаведнасці са сваім маральным пачуццём і не ахвяруй уласнай годнасцю. Жыві поўным жыццём, не занурайся пастаянна ў нешта адно. Жыццё – цудоўнае ў многіх яго праявах. Карыстайся гэтым шыкоўным падарункам напоўніцу. Калі ты змагаўся за свабоду паднявольнай краіны, цярпеў, рызыкаваў з-за гэтага, то табе ўжо будзе чым апраўдаць сваё існаванне на зямлі».
Пераможцы дыктоўкі атрымалі прызы, усіх прысутных чакаў сяброўскі пачастунак. Таксама ў праграме былі інтэрактыўныя гульні, сюрпрызы, віктарына і канцэрт барда Змітра Бартосіка.
Дзень Роднай мовы адзначаецца па ўсім свеце 21 лютага.
нг