Пастанова аб забароне на выдачу віз грамадзянам Расіі будзе мець большы сэнс толькі тады, калі яна будзе дзейнічаць на еўрапейскім узроўні, заявіў намеснік міністра замежных спраў Польшчы. Марцін Пшыдач (Marcin Przydacz) лічыць, што Еўропа не павінна быць адкрытай для людзей, якія падтрымліваюць палітыку Уладзіміра Пуціна і забойства мірных жыхароў. Між тым мы надалей бачым, як расійскія алігархі плаваюць у Міжземным моры, а іхныя дзеці вучацца ў лепшых заходніх універсітэтах, нагадаў палітык:
- Каб згаданая забарона сапраўды была балючай, то яна павінна быць уведзена на еўрапейскім узроўні. На гэта зараз згоды няма. Досвед апошніх месяцаў паказвае, што ў гэткай сітуацыі трэба пачаць ствараць кааліцыю краінаў, якія падтрымліваюць згаданую ідэю. Мы спадзяемся, што, калі такая кааліцыя ўзнікне, то ў нейкі момант таксама немцы ці французы вырашаць далучыцца да яе.
Польшча ўжо некалькі месяцаў не выдае грамадзянам Расіі турыстычных візаў. Польскае МЗС заявіла, што ў бліжэйшым часе па гэтай справе будуць прынятыя наступныя рашэнні.
TVP1/аз