Былы намеснік міністра абароны Польшчы Чэслаў Мрочэк лічыць малаверагодным, што Пуціну ўдасца запалохаць краіны Захаду. Такім чынам дэпутат ад «Грамадзянскай кааліцыі» пракаментаваў, між іншым, рашэнне абвясціць у Расіі частковую мабілізацыю.
Чэслаў Мрочэк у эфіры Польскага радыё 24 заявіў, што Уладзімір Пуцін хоча запалохаць краіны Захаду, каб іх улады пачалі націскаць на Украіну пачаць перамовы з Расіяй і пайсці на саступкі. Паводле словаў дэпутата, у цяперашняй сітуацыі, калі новыя сістэмы ўзбраення дазволілі Украіне вярнуць страчаныя тэрыторыі, Захад убачыў, што ёсць іншая магчымасць спыніць гэтую вайну, і таму неабходна працягваць падтрымку Кіева. Разлік Пуціна на тое, што ўрады заходніх краін паддадуцца ціску з боку ўласнай грамадскай думкі, на дадзены момант здаецца малаверагодным, хоць гэтая пагроза існуе, калі вайна будзе працягвацца, лічыць Чэслаў Мрочэк.
Учора Уладзімір Пуцін абвясціў аб пачатку частковай мабілізацыі. Улады плануюць сабраць 300 тыс чалавек, якія маюць баявы досвед. Рашэнне выклікала пратэсты ў Расіі.
IAR PR/нг