Беларуская Служба

Будучыня NATO — адна з галоўных тэм сустрэчы Байдэна з Дудам і Тускам 

12.03.2024 18:55
Прэзідэнт Джо Байдэн сустрэўся сёння ў Белым доме з польскім прэзідэнтам Анджэем Дудам і прэм'ер-міністрам Дональдам Тускам. Візіт прыпадае на 25-ю гадавіну ўступлення Польшчы ў NATO.
Ілюстрацыйны здымакEPA/CJ GUNTHER Dostawca: PAP/EPA.

Прэсавы сакратар Рады нацыянальнай бяспекі Джон Кірбі паведаміў Польскаму радыё, што кіраўнікі ЗША і Польшчы размаўлялі пра дапамогу Украіне, двухбаковыя адносіны і будучыню NATO.

Сустрэча ў Белым доме адбылася за некалькі месяцаў да юбілейнага саміту НАТО, які пройдзе ў Вашынгтоне ў 75-ю гадавіну стварэння альянсу.

Джон Кірбі паведаміў, што адной з тэм размовы стала падрыхтоўка да саміту. Аднак ён не захацеў раскрыць, ці прэзідэнт Байдэн заахвочваў польскіх лідараў падтрымаць кандыдатуру прэм’ер-міністра Нідэрландаў Марка Рутэ на пасаду генеральнага сакратара арганізацыі. «Усё, што я магу сказаць, гэта тое, што мы лічым, што містар Рутэ быў бы выдатным генеральным сакратаром», - сказаў Джон Кірбі.

На пытанне аб нядаўніх заявах Дональда Трампа, якія падрываюць 5-ы артыкул НАТА, Кірбі адказаў, што пазіцыя Джо Байдэна ў гэтым пытанні ясная. «Прэзідэнт Байдэн неаднаразова і выразна заяўляў, што мы вельмі сур'ёзна ставімся да нашых абавязацельстваў перад саюзнікамі ў адпаведнасці з Пятым артыкулам НАТА», — сказаў Джон Кірбі.

Чыноўнік дадаў, што падчас сустрэчы прэзідэнт Байдэн падзякаваў прэзідэнту Дудзе і прэм'ер-міністру Туску за ролю, якую Польшча адыгрывае ў NATO.

ПР/юл