Беларуская Служба

Віцэ-міністр абароны тлумачыць, чаму польскія фірмы атрымаюць мала сродкаў з ЕС на вытворчасць снарадаў

17.03.2024 13:08
Раней былы міністр запытаўся, чаму з 500 мільёнаў еўра, прызначаных на вытворчасць артылерыйскіх боепрыпасаў, у Польшчу трапіць толькі каля 2 мільёнаў еўра.
БоепрырасыShutterstock

Намеснік міністра нацыянальнай абароны Цэзары Томчык паведаміў, што падчас ураду партыі «Права і справядлівасць» польскія фірмы падалі ў Еўракамісію заяўкі на вытворчасць боепрыпасаў толькі на 11 мільёнаў еўра. «У такім выпадку цяжка атрымаць 500 мільёнаў. У некаторых праграмах максімальнае фінансаванне складае 50%», – напісаў у сацсетках намеснік кіраўніка міністэрства. І падкрэсліў, што некаторыя кампаніі агулам не падавалі заяўкі на фінансаванне.

Раней былы міністр нацыянальнай абароны Марыюш Блашчак на сайце Х запытаўся, чаму з 500 мільёнаў еўра, прызначаных на вытворчасць артылерыйскіх боепрыпасаў, у Польшчу трапіць толькі каля 2 мільёнаў еўра.
Цэзары Томчык растлумачыў, што спіс «тэматычных кірункаў» разам з бюджэтам, выдзеленым на гранты, падзелены на пяць напрамкаў. Прычым, конкурсныя прапановы былі апублікаваныя 18 кастрычніка 2023 года, а збор прапаноў ад кампаній завяршыўся 13 снежня 2023 года.

«Падаваць заяўкі можна было толькі на дакументальна пацверджаныя інвестпраекты, якія давалі рэальную магчымасць рэалізацыі. Кампаніі накіроўвалі заяўкі на атрыманне грантаў непасрэдна ў ЕК», – адзначыў намеснік кіраўніка Мінабароны.

«Конкурс быў закрыты 13 снежня… На жаль, Марыюш Блашчак – гэта чалавек, які сёння з’яўляецца ўзорам для рускіх троляў, распаўсюджваючы дэзынфармацыю», – дадаў Цэзары Томчык.

Еўрапейская камісія выдзеліць еўрапейскім кампаніям 500 мільёнаў еўра на павелічэнне вытворчасці боепрыпасаў. Праграма мае на мэце пастаўкі большай колькасці артылерыйскіх снарадаў ва Украіну і папаўненне запасаў у краінах ЕС.

IAR/нг