Сікорскі сустрэўся з кіраўніком чэшскай дыпламатыі напярэдадні саміту міністраў замежных спраў Вышаградскай групы, у якую, акрамя Польшчы і Чэхіі, уваходзяць таксама Венгрыя і Славакія. Сікорскі і Ліпаўскі выступілі на сумеснай прэс-канферэнцыі.
Кіраўнік польскага МЗС падзякаваў чэшскаму міністру за чэшскую ініцыятыву закупкі боепрыпасаў для Украіны.
«Гэта сапраўды доказ таго, што вынаходлівасцю і ініцыятывай можна паўплываць на лёс усёй Еўропы, і Польшча таксама пацвярджае сваю прыхільнасць, як фінансавую, так і матэрыяльна-тэхнічную, да поспеху дастаўкі гэтых боепрыпасаў туды, дзе яны неабходныя», – сказаў Радаслаў Сікорскі.
Кіраўнік МЗС Польшчы адзначыў, што і ён, і Ліпаўскі лічаць, што санкцыі супраць Расіі неабходна выконваць. Ён дадаў, што ў гэтым пытанні Польшча і Чэхія будуць працаваць разам на еўрапейскім форуме. «Украіна перажывае сёння тое, што перажывалі нашы краіны ў ХХ стагоддзі, таму мы будзем выказваць салідарнасць з Украінай не толькі палітычна, але і практычна», – падкрэсліў ён.
«Патрэбна, каб больш гульцоў далучылася (да ініцыятывы боепрыпасаў, – рэд.). Таксама я хацеў бы падзякаваць Польшчы, якая з-за свайго геаграфічнага размяшчэння адыгрывае вельмі важную ролю ва ўсёй справе», – сказаў Ян Ліпаўскі.
Ён пацвердзіў, што 18 краін хочуць набыць артылерыйскія боепрыпасы для Украіны.
Прага раней паведамляла, што сабрана 300 тысяч снарадаў, і ёсць неабавязковыя дэкларацыі адносна наступных 200 000.
На пытанне аб дэталях ініцыятывы закупкі боепрыпасаў для Украіны абодва міністры адказалі, што не могуць раскрываць падрабязнасці. «Пуцін таксама мае вушы, і мы не аблегчым яму заваяванне Украіны», – адзначыў Сікорскі.
Звяртаючыся да запланаванай на чацвер сустрэчы міністраў замежных спраў краін Вышаградскай групы, міністры таксама падкрэслілі, што пагадненне трэба шукаць у фармаце V4. «Калі агульных назоўнікаў знайсці не ўдасца, краіны V4 проста вымушаныя змірыцца з рознагалоссямі», – сказаў Сікорскі.
«Мы паважаем і Славакію, і Венгрыю, іх права самастойна вызначаць свае пазіцыі. Еўропа складаецца не толькі з Польшчы і не толькі з Чэхіі. Дыпламатыя – гэта пераконваць адзін аднаго», – падкрэсліў ён.
«Мы хочам, каб ніхто не блакаваў створаны сумесны механізм кампенсацыі за зброю, якую краіны-члены ЕС адпраўляюць ва Украіну. Мы паспрабуем пераканаць Украіну ў гэтым, але, верагодна, не пагодзімся на 100 працэнтаў», – сказаў Сікорскі. Аднак ён станоўча ацаніў ініцыятыву Венгрыі павялічыць бюджэт Міжнароднага Вышаградскага фонду.
Ён ацаніў, што V4 з'яўляецца добрым інструментам для каардынацыі супрацоўніцтва ў тых галінах, у якіх ёсць згода паміж Варшавай, Прагай, Браціславай і Будапештам. «Ёсць такія напрамкі – інфраструктура ў нашым рэгіёне, пытанні мінулага, пытанні, звязаныя з сельскай гаспадаркай, прамысловасцю. Спадзяюся, што ў іх мы дасягнем прагрэсу», – сказаў міністр замежных спраў.
Ян Ліпаўскі казаў, што ў дыпламатыі заўсёды трэба шукаць «найменшы агульны назоўнік». «Цяпер цяжка знайсці гэта ў Вышаградскай групе, але нам удаецца знайсці агульную мову ў НАТА і ЕС. З дыпламатычнага пункту гледжання такі дыялог надзвычай важны», – сказаў ён.
Сікорскага і Ліпаўскага спыталі, ці тое, што стала правілам сустрэча прадстаўнікоў Польшчы і Чэхіі напярэдадні саміту V4, не зʼяўляецца доказам, што група перайшла ў фармат V2 + V2. Пыталіся таксама, ці будзе на сустрэчы ў Празе вырашацца, хто стане камісарам ЕС па абароне, каб Цэнтральная Еўропа мела шанец на поспех.
Сікорскі адказаў, што лічыць спекуляцыі наконт кадравых пытанняў заўчаснымі і непатрэбнымі, асабліва калі ў чэрвені пройдуць выбары ў Еўрапарламент.
«Аднак я лічу, што наш рэгіён, у сістэме ААН, НАТА або ЕС, недастаткова прадстаўлены на высокіх пасадах (...). І сёння мы з міністрам паабяцалі супрацоўнічаць, каб змяніць гэты стан спраў», – сказаў кіраўнік Міністэрства замежных спраў Польшчы.
Ліпаўскі, у сваю чаргу, падкрэсліў, што двухбаковая сустрэча з кіраўніком польскага МЗС такая ж важная, як і запланаваная на чацвер сустрэча міністраў V4. «Я б не хацеў, каб хтосьці шукаў тут другі палітычны сэнс. Ні адна з гэтых сустрэч не важней іншай», – адзначыў ён.
Пасля канферэнцыі і сустрэчы чэшкі бок падкрэсліў у заяве, што міністры Ліпаўскі і Сікорскі гаварылі таксама пра магчымасці сумесных дзеянняў дзеля бяспекі, датычных сферы паставак газу.
PAP/вх