Беларуская Служба

Прэзідэнт Анджэй Дуда: Ізраільскі амбасадар перашкаджае польска-ізраільскім адносінам (ВІДЭА)

04.04.2024 15:01
Міністэрства замежных спраў Польшчы на заўтра выклікала амбасадара Ізраіля . Пасля сустрэчы запланаваны прэс-брыфінг.
Прэзідэнт Анджэй Дуда PAP/Marcin Obara

Прэзідэнт Анджэй Дуда заявіў, што амбасадар Ізраіля ў Польшчы перашкаджае польска-ізраільскім адносінам. Ён назваў заявы ізраільскага дыпламата абуральнымі і недапушчальнымі.

Паводле кіраўніка польскай дзяржавы, амбасадар Якаў Ліўнэ з'яўляецца самай вялікай праблемай для Ізраіля ў адносінах з Польшчай:

- Спадар амбасадар з’яўляецца найбольшай праблемай для Ізраіля ў адносінах з Польшчай.  Улады ў Ізраілі выказваюцца пра згаданую трагедыю вельмі стрымана і адчувальна. На жаль, іхны амбасадар у Польшчы не ўмее захаваць такую ​​далікатнасць і адчувальнасць, а гэта недапушчальнае.

Прэзідэнт Анджэй Дуда спаслаўся, між іншым, на заяву амбасадара Ізраіля ў Польшчы, які напісаў у сацсетках, што «антысеміты заўсёды застануцца антысемітамі, а Ізраіль застанецца дэмакратычнай габрэйскай дзяржавай, якая змагаецца за сваё права”.

Гэта была рэакцыя амбасадара на каментар віцэ-спікера польскага Сейма Кшыштафа Босака, што Ізраіль здзяйсняе «ваенныя злачынствы» і тэрарызуе гуманітарныя арганізацыі, каб замарыць палестынцаў голадам.

У выніку ізраільскага авіяўдару па гуманітарным канвоі арганізацыі World Central Kitchen у Сектары Газа загінулі сем чалавек: паляк, грамадзяне Аўстраліі, Вялікабрытаніі і асоба з падвойным грамадзянствам ЗША і Канады, а таксама палестынец.

Канвой быў пазначаны лагатыпам World Central Kitchen, а яго ўдзельнікі былі апранутыя ў бронекамізэлькі з лагатыпам арганізацыі.

Міністэрства замежных спраў Польшчы на заўтра выклікала амбасадара Ізраіля. Пасля згаданай сустрэчы запланаваны прэс-брыфінг.

Сёння Сенат (вышэйшая палата польскага парламента) аднагалосна прыняў рэзалюцыю ў сувязі з ракетным ударам па калоне аўтамабіляў гуманітарнай арганізацыі ў Сектары Газа і гібеллю валанцёраў, у тым ліку грамадзяніна Польшчы.

У дакуменце адзначаецца, што гэтая трагічная падзея патрабуе поўнага і ўсебаковага паяснення і адпаведных наступстваў для вінаватых.

Сенатары асудзілі сам напад і заклікалі бакі канфлікту выконваць нормы міжнароднага і гуманітарнага права.

IAR/аз

Спікер Сейма: Польшча павінна патрабаваць кампенсацыі для сям'і ў сувязі з гібеллю польскага добраахвотніка ў Сектары Газа

03.04.2024 07:40
Спікер Сейма Шымон Галоўня заявіў, што Польшча павінна патрабаваць кампенсацыі для сям'і ў сувязі з гібеллю польскага валанцёра ў Сектары Газа і прыцягнуць да адказнасці вінаватых.