У аўторак у інтэрв'ю тэлеканалу TVN24 Галоўня закрануў тэму выбараў у Еўрапарламент, прызначаных на чэрвень бягучага года. Палітык паведаміў, што яго партыя не разглядае магчымасць сумеснага старту з «Грамадзянскай кааліцыяй» (КО).
«Учора ў нас адбылося пасяджэнне ўправы партыі «Польшча 2050», і мы вырашылі, што мы ідзём на еўравыбары або ў фармаце «Трэцяга шляху», які ўжо двойчы зарэкамендаваў сябе — таму што я думаю, што гэта спрацавала на мясцовых выбарах, мы пацвердзілі вынік і застаёмся трэцяй сілай на палітычнай сцэне - ці мы пойдзем самі», - заявіў Галоўня.
Палітык дадаў, што калі кіраўніцтва Польскай сялянскай партыі (PSL) вырашыць балатавацца разам з KO, тады «Польшча 2050» пойдзе на выбары самастойна; ён таксама адзначыў, што «Польшча 2050» належыць да групы Renew у Еўрапарламенце, а КO і PSL належаць да Еўрапейскай народнай партыі (EPP).
На пытанне, чаму «Польшча 2050» не хоча балатавацца разам з KO, Галоўня паўтарыў, што фармат «Трэцяга шляху» добра спрацаваў як на парламенцкіх выбарах у мінулым годзе, так і на выбарах у мясцовыя органы ўлады ў апошнюю нядзелю. «Калі нешта спрацавала двойчы, навошта гэта мяняць на тое, што, магчыма, не спрацавала б, як паказалі папярэднія еўравыбары, дзе фармат «паехалі ўсе» не спрацаваў», — сказаў старшыня Сейма.
Сёлетнія еўрапейскія выбары пройдуць у розных краінах ЕС 6-9 чэрвеня. У Польшчы 9 чэрвеня пройдуць выбары 53 дэпутатаў Еўрапарламента.
PAP/юл