Беларуская Служба

У Каралеўскім парку Лазенкі распачынаецца сезон легендарных фартэпіянных канцэртаў пад помнікам Фрыдэрыку Шапэну

19.05.2024 08:45
Нязменна штогод канцэрты ў Лазенках збіраюць натоўпы людзей, якія рассядаюцца па цэлай паляне вакол помніка Шапэна.
Сотні людзей слухаюць фартэпіянны канцэрт у рамках канцэртаў Шапэна ля помніка Фрыдэрыку Шапэну Grzegorz Jakubowski

Апоўдні ў Каралеўскім парку Лазенкі пад помнікам Фрыдэрыку Шапэну адбудзецца ўрачыстае адкрыццё 65-га сезона фартэпіянных канцэртаў першым у гэтым годзе канцэртам Шапэна. Як расказвае дырэктарка музею «Лазенкі Кралеўскія» Марыяна Атмяноўска, напачатку выступіць выбітны піяніст Кшыштаф Яблоньскі, а ў 16.00 — Леанора Армеліні.

«Інаўгурацыя гэтага сезона будзе цалкам унікальнай, упершыню ля падножжа помніка Шапэну будзе пабудавана спецыяльная сцэна, дзе для вас выступіць Sinfonia Varsovia, таму гэта будзе цалкам унікальны юбілейны канцэрт», — адзначае дырэктар Каралеўскага парку Лазенкі.

Падчас першага канцэрта ў 12.00 будзе працаваць асобная зона з індукцыйнай пятлёй для людзей з парушэннем слыху.

«Пачынаецца ўнікальны сезон, кожную нядзелю ў 12.00 і 16.00 будуць выступаць выдатныя дзеячы свету музыкі, шапэністы і піяністы найвышэйшага ўзроўню», — падкрэслівае Марыяна Атмяноўска.

Канцэрты Шапэна ў каралеўскім парку Лазенкі - адно з найстарэйшых музычных мерапрыемстваў у Варшаве. Завершыцца 65-ы сезон сольнымі канцэртамі Рынка Кабаясі і Караля Радзівонавіча 29 верасня.

ав