Урад гатовы дапамагчы прадпрыемствам у памежных раёнах, заявіў віцэ-прэм'ер і міністр нацыянальнай абароны Уладзіслаў Касіняк-Камыш. З 4-а чэрвеня на мяжы з Беларуссю аднаўляецца буферная зона і забарона на часовае пражыванне.
Касіняк-Камыш сказаў, што прыярытэтам ураду з'яўляецца бяспека, але важная таксама эканоміка.
- Існуе магчымасць, што многія прадпрыемствы памежнай зоны будуць уцягнутыя ў будаўніцтва "Шчыта Усход" і умацаванне мяжы. Я хачу адзначыць, што зараз гасцініцы, агратурыстычная база, прыватныя кватэры наймае армія. Нам патрэбныя гасцінічныя і гастранамічныя паслугі для войска. Мы такім чынам падтрымліваем мясцовы бізнес, а калі будзе патрэба ў яшчэ большай падтрымцы - то мы на гэта таксама гатовыя.
Буферная зона, якая будзе адноўленая 4 чэрвеня, будзе дзейнічаць у 27 населеных пунктах Гайнаўскага і Беластоцкага паветаў. Ва ўрадзе тлумачаць, што такія дзеянні неабходныя для лепшай аховы мяжы і павышэння бяспекі супрацоўнікаў, якія яе ахоўваюць.
яс/IAR