Беларуская Служба

Напрыканцы чэрвеня ў Польшчы пачнецца падлік буслоў

15.06.2024 18:04
Кампанія па падліку белага бусла ў Польшчы пачнецца ў апошнія выходныя чэрвеня і працягнецца да сярэдзіны ліпеня.
Буслыvrolanas /pixabay.com/CC0 Public Domain

Шукаюцца апошнія валанцёры для ўдзелу ў VIII Міжнародным падліку белага бусла ў Польшчы, які павінен пачацца ў апошнія выхадныя чэрвеня. Гаворка ідзе пра валанцёраў, якія будуць лічыць буслоў у некалькіх дзясятках гмін, галоўным чынам у паўночнай Польшчы.

У рамках акцыі, яны будуць лічыць не толькі дарослых буслоў і птушанят, але таксама збіраць у мясцовых жыхароў інфармацыю пра здароўе і стан птушак.

Стаць валанцёрам можа практычна кожны. Патрабаванні: уласны сродак транспарту, абсталяванне для назірання і свабодны час.

Зацікаўленне акцыяй даволі вялікае і да гэтай пары валанцёры вызначаныя для большасці гмінаў у Польшчы, кажа Марцін Табулка (Marcin Tobółka) з Універсітэта прыродазнаўчых навук у Познані:

- У Мазавецкім ваяводстве засталося менш за трыццаць гмін, а на Падляшшы, дзе найбольш буслоў, надалей не хапае людзей. Агулам, сітуацыя выглядае даволі аптымістычна.

Мяркуецца, што ў Польшчы гняздуюцца каля 50 тысяч пар белых буслоў. За апошняе дзесяцігоддзе колькасць гэтых унікальных птушак у краіне планамерна скарачаецца. Хоць, паводле экспертаў, сёлета зафіксаваныя шмат пазітыўных змен, якія могуць сведчыць пра адмену адмоўнай тэндэнцыі.

Падрабязную інфармацыю аб акцыі і заяўку можна знайсці на сайце bocianiegniazda.up.poznan.pl.

Кампанія па падліку белага бусла ў Польшчы павінна пачацца ў апошнія выходныя чэрвеня і працягвацца да сярэдзіны ліпеня. Акцыя праводзіцца адзін раз у дзесяць гадоў. Яе вынікі затым выкарыстоўваюцца для лепшай аховы польскіх буслоў.

IAR/аз