Польшча і Паўднёвая Карэя будуць супрацоўнічаць у галіне аховы межаў. У горадзе Прушкаў каля Варшавы перамовы правялі міністр абароны Польшчы, віцэ-прэм’ер Уладзіслаў Касіняк-Камыш і міністр абароны Рэспублікі Карэя Сін Вон-Сік.
Пасля сустрэчы Касіняк-Камыш сказаў, што Польшча прымушаная бараніцца ў гібрыдным памежным канфлікце.
- Польшча прымушаная бараніцца ў гібрыдным канфлікце. Бараніцца ад тых, хто пасылае на мяжу натоўпы людзей, якія атакуюць польскіх салдат і памежнікаў. Я расказаў пра гэта майму калезе. У Карэі – дзясяткі гадоў досведу аховы сваіх межаў. Я думаю, што не існуе іншай краіны ў свеце, якая ведае ўсё пра ахову мяжы. У Карэі – самыя сучасныя сістэмы, у тым ліку з выкарыстаннем штучнага інтэлекту.
Касіняк-Камыш таксама сказаў, што звярнуўся з просьбай да карэйскіх партнёраў наконт доступу да адпаведных тэхналогій. Просьба была адобраная, зазначыў віцэ-прэм’ер.
У сваю чаргу міністр Сін Вон-Сік сказаў, што паўднёвакарэйская сістэма аховы мяжы – адна з найбольш сучасных у свеце.
- Польшча прадэманстравала вялікае зацікаўлення нашай сістэмай аховы мяжы. Трэба звярнуць увагу на той факт, што ў Польшчы – вялікая праблема з мяжой з Беларуссю, што вядзе да дэстабілізацыі на памежных тэрыторыях. У сувязі з гэтым, мы падзелімся тэналогіяй сістэмы аховы мяжы, якую мы развіваем цягам 70-ці гадоў, і якая актуальна – адна з самых сучасных у свеце.
Міністры абароны двух краін падчас сустрэчы таксама шмат часу прысвяцілі рэалізацыі пагадненняў, датычных паставак карэйскага ўзбраення і тэхнікі ў Польшчу.
Польшча размясціла ў Рэспубліцы Карэя вялікую замову на танкі, САУ, РСЗА, самалёты і іншую тэхніку ды ўзбраенне. Карэйская тэхніка ўжо паступае на ўзбраенне Войска Польскага.
вс