Беларуская Служба

Польская прэса: нямецкія кампаніі ўсё часцей выбіраюць Польшчу

13.08.2024 07:30
Сярод еўрапейскіх фірмаў найбольш праектаў у Польшчы рэалізавалі інвестары з Нямеччыны – піша «Puls Biznesu». Яны часцей за іншыя краіны рэгіёну выбіраюць Польшчу.
Ілюстрацыйны здымакObraz Raten-Kauf z Pixabay/CC0

Газета адзначае, што летась нямецкія інвестары здзейснілі ў Польшчы 36 прамых замежных інвестыцый. Гэта 16% ад усіх заяўленых летась праектаў на Вісле, якія створаць больш за 2000 працоўных месцаў.

Большага не дасягнула ніводная іншая еўрапейская краіна. За межамі Старога кантынента сярод лідараў па інвестыцыях ЗША з 52 праектамі, якія ствараюць амаль 10 тысяч працоўных месцаў.

«ЗША і Нямеччына адказваюць за 52 адсоткі працоўных месцаў, якія будуць створаныя ў Польшчы дзякуючы прамым замежным інвестыцыям, анансаваным у 2023 годзе», — піша «Puls Biznesu», дадаючы, што побач ідуць Вялікабрытанія і Бельгія.

Сярод прычын, па якіх немцы больш ахвотна інвестуюць у Польшчу, газета называе рост выдаткаў, у тым ліку цэн на энерганосьбіты на нямецкім рынку, доступ да кваліфікаваных супрацоўнікаў, а таксама месца знаходжанне і геаграфічная блізкасць да рынкаў ЕС.

«Puls Biznesu» піша, што за апошнія гады змянілася і структура замежных інвестыцый нямецкіх кампаній — растуць інвестыцыі ў вытворчасць машын і прылад, а скарачаюцца ў праграмнае забеспячэнне і ІТ-індустрыю.

ПР/юл