Будаўніцтва першай лініі метро ў Кракаве павінна пачацца праз чатыры гады, заявіў у інтэрв’ю Польскаму радыё прэзідэнт горада Аляксандар Мішальскі(Aleksander Miszalski). Кракаўскія чыноўнікі прадставілі папярэдні план і графік работ, звязаных з будаўніцтвам падземнай чыгункі ў Кракаве.
Паводле іх, спачатку будзе пабудаваны 6-кіламетровы ўчастак за 3 мільярды злотых (больш за 699 мільёнаў еўра), паведаміў прэзідэнт Кракава:
- 35 мільярдаў злотых – гэта кошт цэлай сістэмы метро, то бок трох лініяў. Зараз гаворка ідзе пра адну лінію – гэта кошт да 15 мільярдаў злотых, якая таксама падзелена на тры адрэзкі. Кошт аднаго – 3 мільярды злотых.
Улады Кракава разлічваюць на дзяржаўную падтрымку, сродкі з ЕС і Сусветнага банку. Жыхары Кракава на рэферэндуме ў 2014 годзе прагаласавалі за будаўніцтва метро. Ідэю падтрымалі 55 працэнтаў удзельнікаў галасавання.
Нагадваем, тры гады таму аналізы тагачасных кракаўскіх уладаў паказалі, што будаваць метро ў горадзе нявыгадна. Замест гэтага планавалася пабудаваць сетку тунэляў для хуткасных трамваяў.
IAR/аз