Гэта было не затрыманне, а прымусовае дастаўленне ў службовае памяшканне аэрапорта, такім чынам прэс-сакратар каменданта Карпацкага аддзела Памежнай службы маёр Яцэк Міхалоўскі (Jacek Michałowski) паясніў учарашні інцыдэнт з двума грамадзянамі Украіны ў аэрапорце «Кракаў-Баліцэ».
Паводле яго, інцыдэнт быў звязаны з тым, што перавозчык не пусціў на борт самалёта аднаго са згаданых пасажыраў, пасля чаго другі таксама адмовіўся ляцець. Абодва не рэагавалі на заклікі і не хацелі пакінуць месца, дзе адбываецца пасадка.
Нагадваем, як паведамілі СМІ, адной са згаданых асобаў быў чэмпіён свету па боксе Аляксандр Усік:
- Канчаткова ўкраінцы былі вызваленыя. Яны атрымалі папярэджанне. Такі від умяшання функцыянеры ажыццяўляюць даволі часта ў аэрапорце. На ўкраінцаў надзелі кайданкі прэвентыўна з-за таго, што яны былі ўсхваляваныя. Пасля дастаўлення ў службовае памяшканне, кайданкі знялі.
Яцэк Міхалоўскі дадае, што мужчынам патлумачылі, чаму іх не пускаюць на борт самалёта.
Першым пра інцыдэнт паведаміў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, які напісаў на сайце Х, што расчараваны такім падыходам да ўкраінскага чэмпіёна. Ён дадаў, што размаўляў з Усікам пасля затрымання.
Сам баксёр, які пасля вызвалення назваў свой арышт непаразуменнем, падзякаваў украінскім дыпламатам у Польшчы.
Кіраўнік украінскай дыпламатыі таксама пракаментаваў падзею. Андрэй Сыбіга ацаніў дзеянні польскіх функцыянераў непрымальнымі і паведаміў, што накіруе адмысловую ноту польскаму боку.
IAR/аз