Пастанова Міністэрства нацыянальнай адукацыі аб арганізацыі заняткаў па рэлігіі павінна ўступіць у сілу, лічыць міністр адукацыі Барбара Навацка. Яна падкрэсліла, што Касцёл не мае права вета, калі гаворка ідзе пра парадак і працу ўрада.
Пасля паседжання Сумеснай камісіі прадстаўнікоў урада і Канферэнцыі Епіскапату Польшчы, якое адбылося ў панядзелак, Касцёл выступіў з заявай, у якой паведаміў пра адсутнасць згоды адносна скарачэння заняткаў рэлігіяй у польскіх школах.
Епіскапат назваў прапановы ўрада «неапраўданымі і дыскрымінацыйнымі» і абвясціў, што ў выпадку парушэння дзеючых правілаў будзе прымаць далейшыя судовыя меры.
У чацвер у эфіры TVN24 кіраўнічка Мінадукацыі Барбара Навацка звярнула ўвагу на тое, што, паводле даследаванняў, «30 працэнтаў выбаршчыкаў апазіцыйнай правай партыі «Права і справядлівасць» лічаць, што адзін урок рэлігіі — гэта менавіта тая мадэль, якая павінна дзейнічаць. «Я не кажу пра іншых выбаршчыкаў, таму што там падтрымка значна большая», — дадала яна.
Паводле кіраўнічкі Мінадукацыі, прапановы Каталіцкага Касцёла аб абавязковай адной гадзіне на тыдзень рэлігіі ці этыкі «ні для каго непрымальныя». Яна назвала іх «адчайным крыкам бездапаможнасці».
«Гэта не задача дзяржавы, каб у Касцёле былі вернікі. Гэта задача Касцёла», - падкрэсліла Барбара Навацка, дадаючы, што пастанова «павінна ўступіць у сілу».
Згодна з унесенымі ў ліпені папраўкамі ў пастанову Міністэрства народнай адукацыі аб арганізацыі ўрокаў рэлігіі, дырэктар школы (дзіцячага сада) зможа прасцей аб’ядноўваць дзяцей з розных узроставых груп і класаў на ўроках рэлігіі. У сваю чаргу, з наступнага навучальнага года выкладанне рэлігіі і этыкі ў дзяржаўных школах будзе скарочанае да адной гадзіны ў тыдзень да або пасля абавязковых навучальных заняткаў. У цяперашні час гэта два ўрокі рэлігіі ў тыдзень. Што тычыцца этыкі, то тыднёвую колькасць гадзін вызначае дырэктар школы.
27 лістапада Канстытуцыйны суд пастанавіў, што пастанова ўрада супярэчыць палажэнню Закона аб сістэме адукацыі, а таксама парушае палажэнні Канстытуцыі. У Міністэрстве нацыянальнай адукацыі лічаць, што рашэнне Канстытуцыйнага суда не мае юрыдычнай сілы.
PAP/аз