Падчас учорашняга пасяджэння Рады нацыянальнай бяспекі была дасягнутая агульная пазіцыя прадстаўнікоў розных палітычных сіл аб не ўвядзенні польскіх войск ва Украіну.
Віцэ-прэм’ер, міністр нацыянальнай абароны Польшчы Уладзіслаў Касіняк-Камыш паведаміў, што палітыкі таксама дамовіліся не выкарыстоўваць гэтае пытанне для палярызацыі польскага грамадства:
— Бяспека — гэта мэта дзяржавы і супрацоўніцтва ў гэтай сферы не з'яўляецца чыімсьці пажаданнем. Гэта не добрая воля кагосьці з палітыкаў, а абавязак. Супольная пазіцыя аб не ўвядзенні войск ва Украіну — гэта тое, што аб'ядноўвае ўсе палітычныя сілы і павінна аб'ядноўваць надалей.
Пасяджэнне Рады нацыянальнай бяспекі, якое адбылося ўвечары 24 лютага, было прысвечана, між іншым, пытанням бяспекі Польшчы. Прэзідэнт Анджэй Дуда заявіў, што бачыць перспектывы міру ва Украіне ў сувязі з распачатымі ЗША перамовамі.
Польскі лідар аднак шкадуе, што падчас польскага старшынства ў Радзе ЕС, па віне ўраду, у краіне не адбудуцца саміты ЕС-ЗША і ЕС-Украіна. Паводле Анджэя Дуды, гэта была б выдатная нагода пагаварыць, у тым ліку, пра еўрапейскую бяспеку.
IAR/эж