Рознічны гандаль у Польшчы сутыкаецца з вострай нястачай прадаўцоў і касіраў. Падабраць супрацоўнікаў на гэтыя пасады становіцца сапраўдным выклікам для ўсё большай колькасці кампаній, паведамляе штодзённае эканамічнае выданне Puls Biznesu.
Згодна з дадзенымі Польскага агенцтва развіцця прадпрымальніцтва (PARP), прафесія прадаўца ўваходзіць у пералік дэфіцытных. Гэта пацвярджае таксама справаздача агенцтва імгненнага працаўладкавання Tikrow, паводле якой 84% працадаўцаў у рознічным гандлі прызнаюць: знайсці прадаўцоў — сур’ёзная праблема.
Аўтар артыкула адзначае, што касіры часта не зацікаўлены ў працаўладкаванні або сыходзяць з працы па розных прычынах — найчасцей фінансавых. Сярод фактараў, якія найбольш моцна ўплываюць на матывацыю супрацоўнікаў, называецца матэрыяльнае заахвочванне.
«Менавіта ўзровень аплаты працы наймацней уздзейнічае на рашэнне людзей заставацца ў сектары рознічнага гандлю», — адзначаюць аналітыкі.
IAR/эж