«Прэзідэнцкія выбары ніхто не можа ставіць пад сумнеў, пакуль не будуць правераны ўсе выбарчыя пратэсты». Гэта пазіцыя прэм'ер-міністра Польшчы. Дональд Туск пракаментаваў шматлікія выбарчыя пратэсты, пададзеныя ў Вярхоўны суд пасля другога тура прэзідэнцкіх выбараў.
— Калі заявы будуць правераныя і выявіцца, што пратаколы падліку галасоў былі сфальсіфікаваныя ў маштабах, якія змянілі агульны вынік выбараў, то трэба паўторна лічыць усе галасы па ўсёй краіне. Аб прывядзенні да прысягі прэзідэнта (Караля Наўроцкага- рэд.) гаворкі быць не павінна. Да разгляду скаргаў на выбары ў Вярхоўным судзе і пракуратуры, той, хто загадзя мяркуе, што выбары несапраўдныя і той, хто загадзя мяркуе, што выбары абсалютна законныя, робіць вельмі сур'ёзную памылку.
Кіраўнік урада падкрэсліў, што гэта задача не палітыкаў, а прызначаных для гэтага канстытуцыйных органаў.
Прэм'ер таксама спаслаўся на пазіцыю прэзідэнта Анджэя Дуды адносна пратэстаў. 10 дзён таму ў допісе, апублікаваным на платформе X прэзідэнт Анджэй Дуда напісаў:
«У мяне склалася ўражанне, што камусьці відавочна не падабаецца той выбар, які нядаўна зрабілі палякі»
Прэм’ер-міністр Туск адказаў, што ў інтарэсах усёй польскай дзяржавы, цяперашняга і будучага прэзідэнта, а перад усім грамадзян тое, каб усе сумневы адносна прэзідэнцкіх выбараў былі развеяныя, бо гэта патрабуецца Канстытуцыяй.
Кіраўнік урада назваў рэакцыю прэзідэнта Анджэя Дуды «істэрыкай».
«Прэзідэнт дазволіў сабе выказаць здагадку, што падлік галасоў можа быць нейкай маніпуляцыяй», — ацаніў прэм'ер-міністр.
Туск прапанаваў, каб падлік галасоў праводзіўся перад камерамі, у прысутнасці давераных асоб.
Пасля другога туру прэзідэнцкіх выбараў у Вярхоўны суд польскія выбаршчыкі падалі тысячы выбарчых пратэстаў. Колькасць зарэгістраваных скаргаў - больш за 10 тысяч. У трынаццаці акруговых выбарчых камісіях суд дазволіў паўторны падлік галасоў.
Да 2 ліпеня Вярхоўны суд мусіць прыняць рашэнне аб сапраўднасці прэзідэнцкіх выбараў у Польшчы.
IAR/яс