Еўрапейская камісія апублікавала праект бюджэту ЕС на 2028–2034 гады, згодна з якім Польшча можа стаць найбуйнейшым атрымальнікам саюзных фондаў. Для Польшчы прадугледжана больш за 123 млр еўра.
Праект бюджэту — толькі першы крок, бо яго яшчэ павінны зацвердзіць дзяржавы-члены. Першыя рэакцыі з еўрапейскіх сталіц сведчаць, што перамовы будуць складанымі, —паведамляе карэспандэнтка Польскага радыё ў Брусэлі Беата Пламецкая:
— Паводле апублікаваных дадзеных, толькі Польшча з усіх краін ЕС павінна атрымаць больш за 100 мільярдаў еўра. Далей ідуць Францыя (крыху больш за 90 млрд) і Іспанія (прыблізна 88 млрд еўра).
Большасць сродкаў прызначаная на аграрную палітыку і палітыку згуртаванасці — гэта звыш 110 млрд еўра. Амаль 9 млрд еўра Польшча павінна атрымаць з Кліматычнага сацыяльнага фонду, яшчэ каля 2 млрд — на міграцыйную бяспеку. Больш грошай атрымаюць рэгіёны на ўсходзе краіны, якія мяжуюць з Украінай, Расіяй і Беларуссю, бо яны сутыкаюцца з большай міграцыйнай і гандлёвай нагрузкай.
Прадстаўнікі Нямеччыны, Швецыі і Нідэрландаў ужо заявілі, што будуць патрабаваць скарачэння расходаў ЕС у будучай фінансавай перспектыве.
IAR/эж