Беларуская Служба

У адрозненні ад іншых краін ЕС, Польшча надалей дэпартуе расійскіх грамадзян у Расію

21.07.2025 18:24
«Для нас стаўленне Польшчы з'яўляецца незразумелым. Іншыя дзяржавы ЕС пасля пачатку вайны ў 2022 годзе перасталі згаджацца на дэпартацыю людзей у Расію».
 .
Ілюстрацыйнае фота.x.com/straz_graniczna

Gazeta Wyborcza піша, што, нягледзячы на вайну, Польшча выдаляе расійскіх грамадзян у Расію. Сярод краін Еўрапейскага саюза Польшча з'яўляецца лідарам па колькасці выпадкаў трансгранічных рэпрэсій супраць грамадзян Расійскай Федэрацыі, паведаміла выданне са спасылкай на справаздачу праваабарончых арганізацый.

У дакуменце апісваецца сітуацыя за апошнія 11 гадоў, гэта значыць з пачатку расійскай агрэсіі супраць Украіны.

«За гэты час эксперты OVD-Info зафіксавалі агулам 118 выпадкаў трансгранічных рэпрэсій у 15 краінах: Арменіі, Аўстрыі, Балгарыі, Францыі, Грузіі, Германіі, Італіі, Казахстане, Кыргызстане, Манголіі, Польшчы, Румыніі, Сербіі, Іспаніі і на Кіпры. 29 з гэтых выпадкаў адбыліся паміж 2014 і 2021 гадамі, а 89 — паміж 2022 і 2025 гадамі», — гаворыцца ў артыкуле.

Wyborcza адзначае, што 11 з гэтых выпадкаў адбыліся ў Польшчы, у тым ліку пяць пасля пачатку паўнамаштабнай вайны ў лютым 2022 года. Дэпартаваныя ў Расію асобы – пераважна чачэнцы, абвінавачаныя ў тэрарызме ў Расіі. На айчыне ім пагражаюць катаванні. Пасля выдачы многія з іх проста знікаюць.

«Для нас стаўленне Польшчы з'яўляецца незразумелым. Іншыя дзяржавы ЕС пасля пачатку вайны ў 2022 годзе перасталі згаджацца на дэпартацыю людзей у Расію», - кажа юрыстка арганізацыі OVD-info Паліна Куракіна, адна з аўтараў рапарту.

Юрыдычную сістэму ў Расіі выкарыстоўваюць у вялікай ступені дзеля барацьбы з палітычнымі апанентамі. Праціўнікаў Уладзіміра Пуціна спрабуюць суцішыць рознымі спосабамі: на іх арганізуюць замахі, іх атручваюць, часам карыстаюцца адкрытым тэрорам. Газета прыводзіць прыклад расійскага лётчыка Максіма Кузьмінава, які ўгнаў ваенны верталёт ва Украіну. Пазней ён быў забіты ў Іспаніі, верагодна расіянамі, у тым ліку былым афіцэрам КДБ.

Gazeta Wyborcza/нг