На пачатку жніўня ў Варшаўскім батанічным садзе ў другі раз заквітнее самая смярдзючая кветка – амарфафалус вялікі (Amorphophallus titanum). Гэтая расліна квітнее надзвычай рэдка і вельмі кароткі час, таму прыцягвае натоўпы назіральнікаў.
За красаваннем гэтай унікальнай расліны заўсёды назіраюць тысячы прыхільнікаў. Некаторыя людзі праязджаюць сотні кіламетраў, каб стаць сведкамі гэтай падзеі. Батанічныя сады, дзе квітнее амарфафалус вялікі, запускаюць спецыяльныя анлайн-трансляцыі, дзе можна будзе назіраць за гэтым відовішчам 24 гадзіны ў суткі.
Варшаўскі амарфафалус вялікі расце ў трапічнай аранжарэі Батанічнага саду Варшаўскага ўніверсітэта. Для тых, хто не можа прыйсці палюбавацца смярдзючай кветкай, сад падрыхтаваў прамую трансляцыю.
Амарфафалус вялікі паходзіць з экватарыяльных лясоў Суматры. Расліна ўтварае суквецце, якое можа дасягаць трох метраў у вышыню і больш за 1,5 метра ў шырыню. Суквецце і ліст растуць з клубня, схаванага пад зямлёй, вагой да некалькіх дзясяткаў кілаграмаў. Суквецце адкрытае толькі два дні, таму яго пах распаўсюджваецца на вялікія адлегласці, каб прыцягнуць як мага больш апыляльнікаў.
Характэрнай асаблівасцю гэтай расліны, сярод іншага, з'яўляецца тое, што яе суквецце выпраменьвае даволі спецыфічны пах, інтэнсіўнасць якога змяняецца штодня. Смурод (ці водар) паступова павялічваецца з позняга вечара да поўначы, калі апыляльнікі, жукі і мухі, дасягаюць піку актыўнасці.
– Аналізы хімічных рэчываў, якія вылучаюцца суквеццямі, паказалі, што яны ўяўляюць сабой сумесь многіх араматычных хімічных злучэнняў, якія нагадваюць пах сыру, часнаку, гнілой рыбы, потных шкарпэтак, салодкі пах кветак, фенол і індол, характэрныя для фекаліяў. Гэты пах часта апісваюць як пах гнілога мяса – гэта адна з хітрых стратэгій прыцягнення апыляльнікаў, – распавёў даглядчык расліны, інжынер Пётр Дабжыньскі.
Ён дадаў, што яму асабіста пах нагадвае аміяк і выклікае слязлівасць вачэй.
Калі апылення не адбываецца, суквецце цалкам гіне і ападае з клубня.
– Калі адбываецца апыленне, развіваюцца плады, якія пры паспяванні становяцца ярка-чырвонымі. У кожным асобным плодзе ёсць адно насенне. Плод мае форму, падобную да кукурузнага кіяха.
Паводле РАР/вх