Беларуская Служба

Больш за тысячу чалавек прымуць удзел у апошнім, экстрэмальным «Бегу Катаржніка»

02.08.2025 08:39
Сёлетняя траса складае каля 11 кіламетраў.
 .
"Бег Катаржніка".Фота з сайта арганізатара: www.wkbmeta.pl/biegkatorznika/regulaminy/techniczny.htm

У суботу больш за 1000 удзельнікаў выйдуць на старт юбілейнага забегу “Катаржнік” — славутага кросавага спаборніцтва, якое арганізуе Вайсковы клуб бегуна “Meta”, звязаны з падраздзяленнем камандосаў з Люблінца.

“Бег Катаржніка” — гэта штогадовая падзея, у межах якой сотні ўдзельнікаў — як вайскоўцы, так і цывільныя — прабягаюць трасу даўжынёй ад некалькіх да дванаццаці кіламетраў, пракладзеную праз самыя цяжкія ўмовы ў лясах каля Люблінца.

Сёлетняя траса складае каля 11 кіламетраў; яе намераны пераадолець амаль 1100 удзельнікаў, падзеленых на некалькі груп. Як паведаміў Польскаму прэсаваму агенцтву (PAP) заснавальнік і шматгадовы кіраўнік клуба “Meta” Збігнеў Расіньскі, асноўныя цяжкасці ўдзельнікам стварае прырода — напрыклад, трасу могуць ускладніць моцныя дажджы, якія павышаюць узровень вады, або дзейнасць баброў.

«Вада, балота, бруд, смурод і затхласць, п'яўкі — гэта асяроддзе, якое падабаецца кожнаму Катаржніку. Але перад тым, як прыняць рашэнне пра ўдзел, падумайце, ці сапраўды “Катаржнік” — гэта тое, што вас задаволіць. Час прабегу прыблізна 11 км будзе супастаўны з вашымі вынікамі на марафоне. Тут не толькі пот і слёзы, але і шмат крыві, вывіхі, разрывы і страта прытомнасці — неад’емная частка гэтых спаборніцтваў. Нягледзячы на тое, што вы будзеце ў вадзе, вас будзе мучыць прага, а ў моманты слабасці вы не атрымаеце дапамогі», — заклікае да ўдзелу клуб “Meta” на сваёй інтэрнэт-старонцы.

Сёлетні, дваццаты бег будзе адначасова апошнім. Як адзначыў у інтэрв’ю Расіньскі, на такое рашэнне паўплываў шэраг фактараў — усё большыя арганізацыйныя цяжкасці і недахоп кадраў для штогадовага правядзення такога патрабавальнага мерапрыемства. У будучыні клуб “Meta” плануе засяродзіцца на ініцыятывах для вайскоўцаў і супрацоўнікаў службаў.

За гады правядзення спаборніцтваў, арганізаваных клубам “Meta”, у іх удзельнічалі шматлікія вядомыя асобы з вайсковых і сумежных колаў — напрыклад, былы кіраўнік Бюро нацыянальнай бяспекі генерал Раман Полька, былыя камандуючыя Сіламі спецыяльнага прызначэння генералы Уладзімеж Патасіньскі і Славамір Друмовіч, а таксама дыпламат, былы міністр у Канцылярыі Прэзідэнта Рэспублікі Польшча Якуб Кумах.

Апошнія гады “Бег Катаржніка” праходзіў пад патранатам кіраўніка Бюро нацыянальнай бяспекі.

У Люблінцу, дзе месціцца “Meta”, цяпер дыслакуецца Вайсковая частка камандосаў (JWK) — найстарэйшая ў Польшчы частка спецназа. Яе вытокі сягаюць 1957 года, калі ў Кракаве была створана выведвальная рота, якая базавалася ў казармах 16-га штурмавога выведвальнага батальёна. У 1986 годзе частка была пераведзена ў Люблінец. Яна працягвае традыцыі 1-га Польскага самастойнага батальёна спецыяльнага прызначэння, батальёнаў Арміі Краёвай.

 PAP/нг