Уначы 3 верасня Расія нанесла камбінаваны ўдар па Украіне з выкарыстаннем ударных беспілотнікаў і крылатых ракет марскога і паветранага базіравання. Ваенна-паветраныя сілы Украіны паведамілі, што падчас атакі было выяўлена 526 варожых мэтаў, з якіх збіта 451.
Выбухі прагрымелі ў заходніх рэгіёнах краіны, у тым ліку ў Львове, Луцку і Роўна. Паводле звестак мясцовых уладаў, у выніку абстрэлу пацярпелі мірныя жыхары, была разбурана чыгуначная інфраструктура і жылыя будынкі.
У сувязі з расійскім ударам па Украіне, Польшча прывяла свае сілы супрацьпаветранай абароны ў стан баявой гатоўнасці. Польскія знішчальнікі былі падняты ў неба разам з самалётамі НАТА, у тым ліку галандскімі F-35, якія патрулявалі прастору для абароны польскай мяжы.
«Дзеянні мелі прафілактычны характар і былі накіраваны на гарантаванне бяспекі паветранай прасторы і абарону грамадзян, асабліва ў памежных раёнах», — падкрэслілі ў Аператыўным камандаванні УС Польшчы.
Пасля заканчэння масіраваных атак расійскай далёкай авіяцыі і спынення пагрозы польскія самалёты вярнуліся на базы, а наземныя сістэмы супрацьпаветранай абароны і радыёлакацыйнага кіравання былі пераведзены ў стандартны рэжым працы.
эж