У апошнім апытанні Даследчага інстытута Pollster для «Super Express» рэспандэнтаў спыталі, за каго б яны прагаласавалі, калі б парламенцкія выбары адбыліся ў гэтую нядзелю, 14 верасня.
Найбольшую падтрымку атрымала б партыя «Права і справядлівасць» – 33,53%. Партыя зафіксавала рост на 1,9 працэнтнага пункта ў параўнанні з апытаннем двухтыднёвай даўніны. За партыяй Яраслава Качыньскага ідзе Грамадзянская кааліцыя (КО) з вынікам 31,94%, што на 0,66 працэнтнага пункта менш. Канфедэрацыя займае трэцяе месца з 12,46%, захоўваючы стабільны вынік у параўнанні з папярэднім апытаннем.
«Адна з прычын павелічэння падтрымкі (ПіС – рэд.) – гэта так званы «мядовы месяц» прэзідэнта Караля Наўроцкага. ПіС, як партыя, якая яго падтрымала, трыумфуе», – сказаў палітолаг прафесар Бартламей Махнік. «Вынікі ПіС і PO вельмі блізкія, што азначае – мы маем справу з практычна роўнай колькасцю галасоў, калі адна партыя часова аддае перавагу другой», – пракаментаваў эксперт.
Якія партыі не ўвайшлі б у Сейм?
Апытанне паказвае, што «Новыя левыя» (Nowa Lewica) таксама ўвойдуць у Сейм з 6,71%. Гэта падзенне на 0,61 працэнтнага пункта. Апошняй партыяй, якая пераадолела б выбарчы парог, з'яўляецца «Польшча 2050» з 5,31% галасоў, што на 1,86 працэнтнага пункта больш, чым у папярэднім апытанні.
Астатнія партыі не ўвайшлі б у Сейм. Партыя Razem атрымала б 4,2% галасоў (найбольшае падзенне – 1,29 працэнтнага пункта), а Konfederacjа Korony Polskiej – 4,17% (на 0,94 працэнтнага пункта менш, чым у папярэднім апытанні). PSL можа разлічваць на 1,35% галасоў, што на 0,13 працэнтнага пункта менш.
Апытанне было праведзена Даследчым інстытутам Pollster 10 і 11 верасня з выкарыстаннем метаду CAWI на выбарцы з 1020 дарослых палякаў. Выбарка была рэпрэзентатыўнай для польскіх грамадзян ва ўзросце 18+. Максімальная памылка ацэнкі складала прыблізна 3%.
PAP/вх