У Варшаве аматары прафілактыкі анкалагічных захворванняў прыйшлі на так званы Анкалагічны прабег, каб нагадаць, што здаровы лад жыцця і прафілактычныя абследаванні могуць выратаваць жыццё. Васямнаццаты Анкалагічны прабег пачаўся ў польскай сталіцы а 11-й раніцы.
Анколаг прафесар Пётр Руткоўскі (Piotr Rutkowski) падкрэсліў, што Анкалагічны прабег — гэта свята, якое ставіць перад сабою мэту пашыраць веды пра здаровы лад жыцця.
— Ідэя ўзнікла ў сувязі з гісторыяй людзей, якія хварэлі анкалагічнымі захворваннямі апорна-рухальнага апарату. Для такіх пацыентаў вельмі важна весці актыўны лад жыцця, рухацца. Але рух таксама важны для ўсіх нас. І цяпер гэта стала святам, якое злучае пацыентаў і лекараў Цэнтра анкалогіі. Гэта стала святам анкалогіі, але анкалогіі ў пазітыўным значэнні гэтага слова – гэта значыць, якім чынам прадухіліць развіццё анкалагічных захворванняў.
Сёння Юстына Венцэк (Justyna Więcek) з Варшаўскага ўніверсітэта прыродазнаўчых навук сказала перад забегам, што яна будзе бегчы з групай людзей з таго ж універсітэта.
— Мы будзем бегчы цэлай групай, каб ушанаваць памяць памерлай ад анкалогіі нашай віцэ-дырэктаркі, прафесаркі Манікі Міхальчук. Ёй было 47 гадоў, яна на доўга застанецца ў нашай памяці. А анкалагічныя захворванні здараюцца вельмі часта, многія з гэтым сутыкнуліся. І магчыма, камусьці з нас неўзабаве будзе патрэбная дапамога.
Варшаўскі Анкалагічны прабег зладзіла Асацыяцыя падтрымкі пацыентаў з саркомай і меланомай і Інстытут анкалогіі ў Варшаве.
IAR/нг