З 2026 па 2028 гады кампанія «Цэнтральны камунікацыйны порт» абʼявіць амаль 100 тэндараў. Толькі ў 2026 годзе іх ацэначны кошт дасягне прыблізна 40 мільярдаў злотых (амаль 9,5 мільярда еўра).
Паводле віцэ-старшыні кампаніі Дарыюша Куся (Dariusz Kuś), патрэбныя падрадчыкі, якія, сярод іншага, падрыхтуюць пляцоўку для будаўніцтва тэрмінала:
- Гэта маштабны праект, які прадугледжвае выраўнанне тэрыторыі для інвестыцыі, асобна ў паўднёвай і паўночнай частках. Будуць вырашаны пытанні, звязаныя з рознымі сістэмамі аэрапорта, у тым ліку асвятленнем, навігацыяй, сістэмамі бяспекі і сістэмамі кіравання.
У гэтым годзе кампанія абʼявіць тэндары на суму 30 мільярдаў злотых (больш за 7 мільярдаў еўра). Ужо абвешчаны тэндар на будаўніцтва чыгуначнага падʼезда коштам у 200 мільёнаў злотых (больш за 47 мільёнаў еўра). Да канца гэтага года будзе абвешчаны тэндар на будаўніцтва тунэлю пад аэрапортам – інвестыцыі коштам прыблізна ў 5 мільярдаў злотых (больш за мільярд 179 мільёнаў еўра).
Намеснік міністра інфраструктуры Мацей Лясек (Maciej Lasek) абвясціў, што перавага будзе аддадзена польскім кампаніям:
- Мы хочам, каб будаўніцтва Цэнтральнага камунікацыйнага порта (CPK), які ўключае аэрапорт і сетку хуткасных чыгунак, забяспечыла польскім кампаніям моцныя пазіцыі і гарантавала, што гэтыя кампаніі стануць вядучымі гульцамі на еўрапейскім рынку ў будучыні.
Чакаецца, што будаўніцтва Цэнтральнага камунікацыйнага порта, у тым ліку аэрапорта і чыгуначнага вузла, будзе каштаваць больш за 130 мільярдаў злотых (амаль 30 мільярдаў 700 мільёнаў еўра). Адкрыццё аэрапорта запланавана на 2032 год.
IAR/аз