Беларуская Служба

Дональд Туск: Вынікі выбараў у Малдове — сведчанне сапраўднай адвагі яе народа

29.09.2025 10:14
«Вы не толькі ўратавалі дэмакратыю і ўтрымалі еўрапейскі курс, але і спынілі Расію ў яе спробах атрымаць кантроль над усім рэгіёнам».
-
Прэм’ер-міністр Польшчы Дональд ТускPAP/Paweł Supernak

Прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск заявіў, што вынікі выбараў у Малдове сведчаць пра «сапраўдную адвагу малдаўскага народа і прэзідэнткі Маі Санду. Вы не толькі ўратавалі дэмакратыю і ўтрымалі еўрапейскі курс, але і спынілі Расію ў яе спробах атрымаць кантроль над усім рэгіёнам. Гэта добры ўрок для ўсіх нас», — адзначыў кіраўнік польскага ўрада. 

У нядзелю, 28 верасня, у Малдове адбыліся парламенцкія выбары, на якіх рашучую перамогу атрымала кіроўная праеўрапейская Партыя дзеяння і салідарнасці (PAS). 

Кіроўная з 2021 года PAS атрымала крыху больш за 50 % галасоў, а прарасійскі "Патрыятычны выбарчы блок", які аб’ядноўвае сацыялістаў і камуністаў, — 24%.  Яўка выбарцаў склала больш за 52%.

Нядзельныя выбары ў Малдове многія палітыкі называлі «найважнейшымі ў гісторыі краіны». Страта большасці партыяй PAS магла б адкрыць дарогу да ўлады прарасійскім сілам.

Улады Малдовы папярэдзілі пра магчымыя беспарадкі ў найбліжэйшыя дні.

PAP/эж