Беларуская Служба

Прэзідэнт унёс у Сейм папраўку да Закона аб грамадзянстве Польшчы і Інстытуце нацыянальнай памяці

30.09.2025 08:42
Прэзідэнт Караль Наўроцкі унёс у Сейм папраўку да Закона аб грамадзянстве Польшчы.
 .
Ілюстрацыйнае фота.Foto: Shutterstock/PaulSat

Згодна з прапанаванымі зменамі, замежнікі, якія падаюць заяўку на атрыманне польскага грамадзянства, павінны будуць прадэманстраваць не менш за 10 гадоў бесперапыннага пражывання ў краіне. Цяпер мінімальны неабходны тэрмін пражывання ў Польшчы складае 3 гады.

У праекце таксама звяртаецца ўвага на тое, што цяперашні 3-гадовы тэрмін пражывання, неабходны для атрымання грамадзянства, «з'яўляецца адным з самых кароткіх у Еўрапейскім Саюзе», што «можа не забяспечыць дастатковага часу для авалодання польскай мовай на ўзроўні B1, разумення культуры і поўнай адаптацыі да сацыяльна-прававых рэалій». «Укараненне прапанаваных змяненняў з'яўляецца важным для забеспячэння сацыяльнай і эканамічнай стабільнасці Польшчы ва ўмовах дынамічнага росту міграцыі», - дадаецца ў праекце.

Караль Наўроцкі таксама ўнёс у Сейм праект папраўкі да Закона аб Інстытуце нацыянальнай памяці - Камісіі па пераследу злачынстваў супраць польскага народа. Яна ўводзіць пакаранне за распаўсюджванне бандэраўскай ідэалогіі. Як паведамляецца на сайце Prezydent.pl, мэтай папраўкі з'яўляецца супрацьдзеянне распаўсюджванню на тэрыторыі Рэспублікі Польшча ілжывых заяў аб злачынствах, учыненых членамі і паплечнікамі Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў фракцыі Бандэры і Украінскай паўстанцкай арміі, а таксама іншымі ўкраінскімі фарміраваннямі, якія супрацоўнічалі з нямецкім Трэцім рэйхам, у прыватнасці, генацыдзе, учыненым супраць палякаў на Валыні.

Акрамя таго, прэзідэнт прапануе змены, якія павялічваюць пакаранне за незаконнае перасячэнне мяжы і арганізацыю незаконнага перасячэння мяжы для іншых асоб.

IAR/вх