Польская сістэма нафта- і паліваправодаў будзе падключаная да лагістычнай сеткі НАТА. Пра гэта паведамілі пасля падпісання папярэдняга пагаднення аб супрацоўніцтве паміж кампаніяй PERN, якая з’яўляецца ключавым аператарам нафтавай лагістыкі ў Польшчы, і Агенцтвам інвестыцый НАТА, што падпарадкоўваецца польскаму Міністэрству нацыянальнай абароны.
Як паведаміў намеснік міністра абароны Цэзары Томчык, праект ацэньваецца прыкладна ў 20 мільярдаў злотых (4,7 млрд еўра):
«Плануецца будаўніцтва каля 300 кіламетраў новага трубаправода — ад мяжы з Германіяй да базы PERN пад Быдгашчам. Гэта адна з найбуйнейшых інвестыцый у нацыянальную бяспеку за апошнія 30 гадоў. Па значнасці яе можна параўнаць з набыццём знішчальнікаў пятага пакалення», — заявіў Томчык.
Падпісаны дакумент прадугледжвае пашырэнне паліўнай інфраструктуры Польшчы і яе поўную інтэграцыю з агульнай сістэмай трубаправодаў НАТА. Гэта дазволіць не толькі ўзмацніць энергетычную незалежнасць краіны, але і павысіць лагістычную гатоўнасць войскаў саюзнікаў, якія могуць выкарыстоўваць польскую сетку ў выпадку крызісу або ваенных дзеянняў.
У Мінбароны Польшчы адзначаюць, што праект будзе рэалізоўвацца паступова і разлічаны на некалькі гадоў. Падрабязныя графікі будаўніцтва павінны быць прадстаўлены пасля падпісання фінальнага пагаднення.
iar/эж