Камендант Маршалкоўскай аховы забараніў уваход у бар у Сейме гасцям дэпутатаў. Гэта вынік эксцэсаў у Сейме, піша Rzeczpospolita.
Напрыканцы мая дэпутат ад ПіС Дарыюш Матэцкі змясціў у сетцы X запіс: «Вяртаюся з дэпутацкіх слуханняў каля 22:00 і перад далейшай працай – у бары, у дэпутацкім гатэлі – хацеў павячэраць. Спакойна ем сабе суп, размаўляючы з дэпутатамі ПіС і Канфедэрацыі, і раптам падыходзіць да мяне з агрэсіяй нейкі чалавек, крычыць, што «Зёбра – [вульгарызм]!». І пытае, ці маю я штосьці супраць. Згодна з праўдай я адказаў, што вядома маю нешта супраць. Ён ударыў мяне, а затым другога дэпутата ПіС», – цытуе допіс выданне.
Дарыюш Матэцкі распавядаў, што агрэсарам выявіўся папулярны актор Яцэк Копчыньскі. Пасля праверкі алкатэстарам вынікала, што ён меў праміле алкаголю ў выдыханым паветры, а дэпутат Матэцкі быў абсалютна цвярозы. Справа скончылася ўмяшанне паліцыі і аховы.
У выніку была ўведзеная забарона на ўваход гасцей дэпутатаў і іншых асобаў, якія маюць пропускі ў Сейм, у бар у Новым Дэпутацкім доме. Дзеля справядлівасці, у гэтым месцы можна не толькі выпіць алкаголь, але і нешта з'есці ці выпіць кавы.
Фармальнае рашэнне каменданта, неафіцыйна – Маршалка Сейма Галоўні
«Рашэннем каменданта Маршалкоўскай аховы права ўваходу ў гэты пункт абмежавана выключна для дэпутатаў, сенатараў, дэпутатаў Еўрапейскага парламента, а таксама былых парламентарыяў», – пацвярджае інфармацыю Бюро медыйнага абслугоўвання Канцылярыі Сейма.
Паводле выдання, хоць фармальна рашэнне прыняў камендант Маршалкоўскай аховы, яно было прынятае на найвышэйшых узроўнях у Сейме. А здарэнне з удзелам актора Яцка Копчыньскага было апошняй кропляй, якая перапоўніла чашу цярпення, бо эксцэсы з удзелам людзей «падшафэ» здараліся неаднойчы.
У Сейме пачнуць работу над законам, які дазволіць правяраць дэпутатаў алкатэстарам
Маршалак Сейма Шымон Галоўня абвясціў, што неўзабаве пачнецца работа над праектам закона, які дазволіць правяраць дэпутатаў алкатэстарам. Распрацоўку дакумента Галоўня даручыў пасля таго, як у лютым у зале пасяджэнняў зʼявіўся пʼяны дэпутат Канфедэрацыі Рышард Вільк.
Лідар Канфедэрацыі Славамір Менцэн на пытанне ў эфіры «Радыё Zet», ці варта забараніць алкаголь на тэрыторыі парламенту, адказаў адмоўна.
«Пасля ўжывання алкаголю размовы часта лягчэйшыя. Калі б не гэта, Сейм стаў бы крыху менш гуманным месцам», – заявіў Менцэн у эфіры Radio Zet.
Паводле слоў палітыка, забарона нічога не зменіць, бо дэпутаты парламенту п'юць у сваіх пакоях гатэлю.
вх