Міністр юстыцыі Польшчы Вальдэмар Журэк паведаміў, што ўрад абмяркуе як выканаць рашэнне Суда ЕС аб прызнанні дзейсным у Польшчы шлюбаў паміж асобамі аднаго полу, зарэгістраваных у іншых краінах Супольнасці. Юрыст адзначыў, што ідзе гаворка пра ўнясенне такіх шлюбаў у польскія рэестры — калі пара легальна аформіла шлюб за мяжой і пераехала ў Польшчу.
«Гэта не азначае, што ў Польшчы будуць заключацца такія шлюбы — польская Канстытуцыя абараняе шлюб паміж мужчынам і жанчынай», — сказаў Журэк, дадаўшы, што на дадзены момант няма ніякіх законапраектаў, якія б дазвалялі рэгістрацыю шлюбаў аднаполых пар у Польшчы.
Паводле міністра, рашэнне Суда ЕС тычыцца тых выпадкаў, калі грамадзянін ЕС заключыў аднаполы шлюб за мяжой і перасяліўся ў Польшчу, тады гэты факт будзе адлюстраваны ў польскіх актах грамадзянскага стану. Зараз праводзіцца вывучэнне патрэбных дзеля гэтага змен у заканадаўчых і нарматыўных актах Польшчы.
pap/эж